Напачатку снежня ў Шаркаўшчынскай СШ № 1 прайшла дабрачынная акцыя “Руку сябру працягні”

Актуальное

Новы год, безумоўна, адно з лепшых святаў у календары, таму і снежань для кожнага з нас неразрыўна звязаны з падарункамі, сюрпрызамі, прыемнымі нечаканасцямі і цудамі. А яшчэ — з добрымі ўчынкамі, да якіх імкнуцца вучні нашай школы.
Менавіта напачатку снежня ў краіне адзначаецца дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі, або Дзень інвалідаў. Такіх людзей можна сустрэць практычна ў кожным калектыве, і яны амаль нічым не адрозніваюцца ад іншых. Толькі больш моцныя, мужныя, вытрыманыя, яны, як ніхто іншы, ўмеюць пераадольваць цяжкасці і многія жыццёвыя перашкоды, не маркоцяцца з-за дробязяў.
Напачатку снежня ў Шаркаўшчынскай СШ № 1 прайшла дабрачынная акцыя “Руку сябру працягні”, удзел у якой прынялі вучні, іх бацькі і настаўнікі. На добраахвотнай аснове дзеці збіралі грашовыя сродкі, каб набыць падарункі для сваіх аднагодкаў, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Падобныя мерапрыемствы праходзяць у школе не ўпершыню, яны аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных пакаленняў, вучаць дзяцей быць добрымі, з увагай і клопатам адносіцца да тых, хто побач. І нездарма 3 снежня ў школе быў абвешчаны днём міласэрнасці.
Шмат прыемных уражанняў у памяці кожнага пакінула дабрачынная акцыя “Падары ўсмешку сябру”, у рамках якой хлопчыкаў і дзяўчынак, што выхоўваюцца ў апякунскіх сем’ях, дзяцей-сірот і інвалідаў гасцінна запрасіла да сябе гаспадыня кафэ “Алекс”, індывідуальны прадпрымальнік Ліна Канстанцінаўна Хаданёнак. Маленькіх наведвальнікаў і іх бацькоў у гэты дзень чакала вялікая колькасць смачных пачастункаў, утульная атмасфера, цёплы прыём. Зрабіць свята такім прыгожым і незабыўным дапамагла і конкурсна-забаўляльная праграма, падрыхтаваная вучнямі нашай школы. Бліскуча са сваімі абавязкамі справіліся вядучыя — дзевяцікласнікі Аляксандр і Аляксей Стоцікі. Дзякуючы агульным намаганням усё было арганізавана найлепшым чынам.
Дабрачынныя акцыі будуць праводзіцца ў школе і надалей. На Каляды і Новы год хлопчыкі і дзяўчынкі не застануцца без сюрпрызаў і падарункаў. І няхай у самую казачную пару года ўсе дзіцячыя жаданні абавязкова збудуцца!
А. БУКА, А. ДАНІЛЬЧАНКА,
вучні 11 класа Шаркаўшчынскай СШ № 1



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *