
У пачатку чэрвеня прайшла сустрэча жыхароў Лужкаўскага сельскага Савета з начальнікам Віцебскага абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Аляксандрам Рыгоравічам Клобукам. На сустрэчы прысутнічалі таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец, намеснік старшыні райвыканкама Валерый Венідзіктавіч Казлоўскі і начальнік раённага адзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мечыслававіч Федуковіч.
Старшыня Лужкаўскага сельскага Савета Таццяна Мікалаеўна Краснадубская азнаёміла прысутных з пажарнай абстаноўкай на тэрыторыі сельсавета. Аляксандр Рыгоравіч спыніўся ў сваім выступленні на недапушчэнні пажараў з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, акцэнтаваў увагу на недапушчэнні гібелі грамадзян па гэтай прычыне. Важнай тэмай сустрэчы стала засяроджванне ўвагі прысутных на недапушчэнні пакідання дзяцей дома адных. Гэта вельмі актуальна падчас канікул.
Выступоўцы закранулі пытанне захавання грамадзянамі правіл бяспечнай жыццядзейнасці ў вясенне-летні перыяд. Асаблівая ўвага была нададзена неабходнасці ўстаноўкі ў домаўладаннях грамадзян аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. У час гутаркі аўдыторыі прадэманстравалі некалькі дакументальных відэафільмаў на супрацьпажарную тэматыку.
Сяргей РАЙЧОНАК.
