Арнітолагі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» разам з захавальнікамі балота Ельня падлічылі колькасць шэрых журавоў, якія да сярэдзіны восені набіралі сілы на балоце перад дальняй дарогай у вырай. На сваім доўгім шляху птушкі рабілі тут прыпынак на некалькі тыдняў. У гэты час яны актыўна кормяцца, пераважна на палях, дзе расла кукуруза. На ноч журавы злятаюцца ў цэнтр балота — там птушкі адчуваюць сябе ў бяспецы. Улік быў праведзены дзякуючы актыўнаму ўдзелу захавальнікаў Ельні. Менавіта энтузіясты аказалі дапамогу экспертам. Усяго ў акцыі прымалі ўдзел 28 чалавек, у тым ліку і Валерый Кавалёнак з Шаркаўшчыны, кожны з іх атрымаў незабыўныя ўражанні ад назірання шматлікіх клінаў журавоў на змярканні: птушкі адна за адной ляцелі на Ельню.
Вакол Ельні пабудавана пяць вышак. Дзякуючы сучаснай оптыцы, спецыялісты змаглі зрабіць поўны ўлік птушак. Колькасць журавоў склала больш за чатыры тысячы, што вельмі шмат. Раней для Ельні згадвалася колькасць у дзве—тры тысячы птушак падчас міграцыі. Балота мае статус тэрыторыі, важнай для птушак (ТВП), і ў першую чаргу для журавоў. Згодна з крытэрыямі выдзялення ТВП, неабходная мінімальная колькасць птушак складае 1500. У час уліку з адной з вышак можна было назіраць каля 1000 журавоў, якія накіроўваліся на начлег на балота Жада, што знаходзіцца непадалёк ад Ельні. Арнітолагі мяркуюць, што ў хуткім часе і гэтае балота зможа атрымаць статус ТВП з-за высокай колькасці шэрых журавоў.
Кацярына СОСНА
