
Не першы год свае паслугі дзяржаўным арганізацыям, прыватным установам і грамадзянам прадастаўляе прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Турынг-Аўта”, якое размешчана ў нашым гарадскім пасёлку па вуліцы Чырвоная Горка, 30. Летась тут асвоілі рамонт гумовых колаў. Гэты від работы ў хуткім часе пачаў карыстацца вялікім попытам у насельніцтва і асабліва сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
— Пры дапамозе спецыяльнага абсталявання (камп’ютарнага вулканізатара) аўтаматычна вызначаецца патрэбны хімічны склад гумовай латкі, — тлумачыць нам дырэктар прадпрыемства Васілій Жураўскі. — Затым майстры зварваюць кола з абодвух бакоў. Сёлета мы асвоілі рамонт усіх відаў і памераў гумовых колаў. Некаторыя нават не выпускаюцца ў Беларусі, але ў нашай краіне маецца тэхніка з усталяванымі на іх коламі менавіта вялікіх памераў. Мы супрацоўнічаем з сельгаспрадпрыемствамі нашага раёна, з сельгасарганізацыямі Віцебшчыны, паступаюць заказы з Полацка, Віцебска, Мінска.
Выгада для кліентаў відавочная, бо кошт некаторых новых колаў вагаецца ад двух да трох тысяч рублёў. Наш рамонт складзе 150-200 рублёў.
Сяргей РАЙЧОНАК
