23 чэрвеня з рабочай паездкай наш раён наведала міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Ірына Анатольеўна Касцевіч. Яна прыняла ўдзел у пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, дзе быў заслуханы даклад намесніка старшыні райвыканкама Юрыя Анатольевіча Васілеўскага “Аб ходзе выканання плана дзейнасці па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады ў Шаркаўшчынскім раёне ў 2017 годзе”. Выступілі таксама начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вера Барысаўна Жук і дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іна Вячаславаўна Прыстаўка.
Пасля пасяджэння міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Анатольеўна Касцевіч разам са старшынёй камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Мікалаевічам Хрыстафоравым і старшынёй Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрыем Міхайлавічам Ламака наведалі выставу творчых работ удзельнікаў гурткоў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якая была разгорнута ў фае райвыканкама.
У ходзе рабочай паездкі яны наведалі Александроўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Міністр агледзела жылыя і службовыя памяшканні, азнаёмілася з умовамі пражывання і медыцынскага абслугоўвання, пагутарыла з абслугоўваючым персаналам і людзьмі, якія зараз знаходзяцца ў доме-інтэрнаце.
У нашай краіне налічваецца 80 дамоў-інтэрнатаў. Далёка не ва ўсіх умовы пражывання адпавядаюць патрабаванням. Як вядома, Александроўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат з’яўляецца не тыпавым, а прыстасаваным. Прынята рашэнне аб будаўніцтве побач з існуючай установай новага трохпавярховага корпусу на 105 месцаў. Сёлета выдзелена пэўная сума грашовых сродкаў на праектна-каштарысную дакументацыю, складаннем якой займаецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Пастаўскага райвыканкама. Гэтыя і шэраг іншых пытанняў міністр абмеркавала з раённымі ўладамі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Алены АНАНІЧ.























