
Сваё прафесійнае свята 25 ліпеня адзначаюць людзі, якія 24 гадзіны ў суткі ў спякотнае лета і ў траскучы зімовы мароз стаяць на варце, аберагаючы нас ад пажараў і іншых стыхійных бедстваў. Прафесія пажарнага — адна з самых рызыкоўных і небяспечных. Гэтыя людзі без прамаруджвання заходзяць у палаючыя памяшканні, каб выратаваць пацярпелых, маёмасць. У прафесіі пажарнага выпадковых людзей няма. Тут патрабуюцца трывалая фізічная загартоўка, веданне інструкцый па ліквідацыі тых або іншых пазаштатных сітуацый, а таксама высокія маральна-дзелавыя якасці. З такім меркаваннем поўнасцю згодзен начальнік Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мечыслававіч Федуковіч.
Ён на працягу дваццаці гадоў кіруе калектывам выратавальнікаў. Веданне сваёй справы, прафесійны падыход да даручанага ўчастка работы даюць свой станоўчы вынік. На сённяшні дзень Шаркаўшчынскі РАНС укамплектаваны сучаснымі аўтацыстэрнамі, спецыяльным інвентаром для ліквідацыі пажараў, паводак, аўтааварый і наступстваў надзвычайных сітуацый як прыроднага, так і тэхнагеннага характару. Але галоўнымі ў любым калектыве былі і застаюцца людзі, ад якіх залежаць поспехі ў рабоце.
Кожныя суткі ў каравул заступаюць 10 чалавек: шэсць у гарадскім пасёлку і па двое на пажарных аварыйна-выратавальных пастах у Лужках і Варонцы. Менавіта ім неабходна па першаму выкліку на працягу 15 секунд апрануць спецадзенне, а пачатак выезду на зададзены маршрут ажыццявіць за 63 секунды. Хуткасць пажарных аўтацыстэрнаў па населеным пункце павінна быць 40 кіламетраў у гадзіну, на трасе — 60 кіламетраў у гадзіну. Калі зафіксаваны выклік, выратавальнікі, вядома, прыкладаюць максімум намаганняў, каб хутчэй даехаць да месца здарэння.
21 год нясе службу ў органах падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях старшы прапаршчык, начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 12 у вёсцы Варонка Ігар Кавалеўскі. Мужчына вылучаецца адказным падыходам да работы, высокімі маральнымі і дзелавымі якасцямі.
— За мінулы перыяд 2017 года нам не прыходзілася выязджаць на ліквідацыю пажараў або іншых стыхійных бедстваў на тэрыторыі нашага раёна, — паведаміў нам начальнік паста. — Прафілактычная работа, якая праводзіцца сярод насельніцтва і арганізацый супрацоўнікамі, прыносіць свой станоўчы вынік. Выезды мы ажыццяўлялі толькі ў Глыбоцкі і Браслаўскі раёны.

Усё сваё працоўнае жыццё прысвяціў працы пажарнага Мікалай Пятровіч Еўдакімаў.
— Мара стаць пажарным з’явілася падчас праходжання тэрміновай вайсковай службы ў горадзе Дзяржынск у ракетных войсках, — дзеліцца ўспамінамі Мікалай Пятровіч. — Пасля дэмабілізацыі паступіў у Ленінградскае пажарнае вучылішча МУС СССР. Першым месцам маёй службы стала пажарная часць Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода. Затым быў горад Докшыцы. У 1991 годзе вярнуўся ў Шаркаўшчыну, прайшоў кар’ерную лесвіцу ад старшага інспектара дзяржпажнагляду да начальніка ваенізаванай пажарнай аховы.

На заслужаным адпачынку цяпер знаходзіцца і былы інспектар інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Шаркаўшчынскага РАНС Сяргей Іванавіч Шошын. Ён, дарэчы, як і Мікалай Пятровіч Еўдакімаў, пачынаў службу ў пажарнай часці Наваполацкага НПЗ. А з 1993 года і да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў на розных пасадах у Шаркаўшчынскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Сяргей Іванавіч — чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Ён з’яўляецца кіраўніком раённага аддзялення Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях “Выратавальнік”, казначэем раённага аб’яднання Беларускага саюза афіцэраў. У вольны час Сяргей Іванавіч займаецца “ціхім паляваннем”: з вудачкай ловіць рыбу, ходзіць па лесе ў пошуках ягад і грыбоў.
25 ліпеня ветэраны і тыя, хто цяпер працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, сустрэнуцца, каб успомніць той час, калі неслі службу, абараняючы жыццё шаркаўчан, павіншуюць сяброў з прафесійным святам.
Сяргей РАЙЧОНАК.
