
У бібліятэках Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы працуе шмат моладзі. Але, ёсць людзі, якія не адзін дзясятак гадоў свайго жыцця прысвяцілі гэтай прафесіі. Да ліку такіх адносяцца бібліятэкары з аграгарадкоў Більдзюгі і Вялікае Сяло Тамара Фёдараўна Кавалёнак і Ала Міхайлаўна Пугаўка.
Многія людзі выбіраюць жыццё ў горадзе. Маўляў, там цывілізацыя: вялікія заробкі, цікавы адпачынак і іншыя даброты жыцця. Але з гэтым не згодная Тамара Фёдараўна Кавалёнак. У свой час жанчына працавала ў адным з навукова-даследчых інстытутаў Мінска. Але ў пачатку 1980-х гадоў вырашыла кардынальна памяняць сваё жыццё і вярнуцца на малую радзіму — у вёску Ваўчкі Більдзюжскага сельсавета. Тут ёй прапанавлі пасаду бібліятэкара, на якой Тамара Фёдараўна нязменна адпрацавала 34 гады.
— Ведаеце, я ніколі не пашкадавала, што аднойчы змяніла гарадское жыццё на вясковае, — кажа жанчына. — Акрамя таго, што мне вельмі хацелася вярнуцца ў родныя мясціны, яшчэ і горад псіхалагічна негатыўна ўдзейнічаў. Імклівы тэмп жыцця аказаўся не па мне. У вёсцы і дыхаецца лягчэй, і людзі больш прыветлівыя і сардэчныя.
Незаўважна хуткаплынна праляцеў час. Здаецца, што толькі ўчора я стала ў Більдзюгах загадваць бібліятэкай, завочна атрымала профільную адукацыю ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, але ўсё гэта засталося ў мінулым. Цяпер я ўжо знаходжуся на заслужаным адпачынку.
Крыху большы стаж працы, чым у Тамары Фёдараўны, у Алы Міхайлаўны Пугаўка. Жанчына загадвала бібліятэкай у Вялікім Сяле з 1981 года. Яна таксама атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, змяніла гарадское жыццё на вясковае.

— Мне вельмі пашчасціла ў свой час пачынаць працу з мудрымі кіраўнікамі, настаўнікамі і дарадчыкамі, — падзялілася ўспамінамі Ала Міхайлаўна. — З цеплынёй у сэрцы ўспамінаю ветлівыя адносіны, слушныя парады ад кіраўніцтва і спецыялістаў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы — Марыі Людвігаўны Талапіла, Ларысы Іванаўны Марковіч, Клемянціны Антонаўны Латышонак. Гэтыя людзі не рабілі заўваг, а, наадварот, як маглі дапамагалі ў працы.
З той пары шмат што змянілася ў бібліятэчнай сістэме: прыйшлі маладыя спецыялісты, у працу бібліятэкараў укараняюцца новыя формы і метады работы, якія максімальна адпавядаюць цяперашняму часу. Але нязменнай застаецца любоў да кнігі людзей. На вялікі жаль, з кожным годам колькасць чытачоў скарачаецца, але застаецца яшчэ многа аматараў друкаваных выданняў. Напрыклад, у нашай бібліятэцы да ліку такіх можна аднесці Галіну Пятроўну Хаданёнак. Жанчына рэгулярна наведвае нашу ўстанову, каб пацікавіцца свежымі паступленнямі ў фонд кніг і перыёдыкі.
Цікавыя і вельмі творчыя асобы працуюць у нашай бібліятэчнай сістэме. Напэўна, як і ў любой іншай прафесіі, выпадковыя людзі тут не затрымліваюцца. Яркім доказам гэтаму і з’яўляюцца Тамара Фёдараўна і Алла Міхайлаўна — людзі, якія сваё жыццё прысвяцілі кнізе.
Сяргей РАЙЧОНАК.
