Напярэдадні Дня аўтамабілістаў і дарожнікаў наш карэспандэнт пабываў у ДРБУ № 131

Актуальное

Амаль 30 за рулём МАЗа працуе Сяргей Шаблоўскі
Амаль 30 за рулём МАЗа працуе Сяргей Шаблоўскі

Кастрычнік багаты на прафесійныя святы. У апошнюю нядзелю месяца традыцыйна адзначаюць Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Сёлета гэта свята прыпадае на 29 кастрычніка.

Аўтамабільны транспарт уплывае на паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця таго або іншага рэгіёна, паколькі шырока выкарыстоўваецца ў груза- і пасажыраперавозках.

Дзень аўтамабіліста і дарожніка — дастойны повад не абмяжоўвацца віншаваннямі, адрасаванымі непасрэдна вадзіцелям. Віншаваць можна і трэба таксама рамонтных рабочых, інжынераў-тэхнікаў, кіраўнікоў і спецыялістаў аўтатранспартных, машына- і дарожнабудаўнічых прадпрыемстваў, усіх тых, хто працуе ў дадзенай галіне дзеля дабрабыту людзей.

Асноўнай спецыфікай дзейнасці філіяла камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 131 з’яўляецца капітальны рамонт і ўтрыманне дарог. Работнікі службы абавязаны падтрымліваць у належным стане пад’язныя шляхі да кожнага, нават маланаселенага, пункта. Асабліва зімою, калі трэба своечасова падвесці падсыпку дарог пясчана-салянай сумессю, ачысціць ад снежных сумётаў. З гэтымі і іншымі абавязкамі паспяхова спраўляюцца спецыялісты і рабочыя ДРБУ № 131, якое ўзначальвае Вячаслаў Васільевіч Гарбузаў — дэпутат раённага Савета дэпутатаў.

— На сённяшні дзень на нашым прадпрыемстве працуюць 52 чалавекі, — кажа Вячаслаў Васільевіч. — Працягласць дарог па раёне складае 559 кіламетраў. Улічваючы няпростую эканамічную сітуацыю, гэты год для дарожнікаў выдаўся напружаным, але разам з тым і нядрэнным. На жаль, сёлета ў нашым раёне быў толькі адзін аб’ект, дзе працавалі работнікі прадпрыемства. Гэта бягучы рамонт аўтадарогі Апанасенкі — Лужкі — Гваздова. Каля аграгарадка Германавічы ў чэрвені мы адрамантавалі ўчастак дарогі з асфальта-бетонным пакрыццём працягласцю 2 кіламетры. Працавалі таксама на будаўніцтве пад’язных шляхоў  да будучага металургічнага завода ў Міёрах, на добраўпарадкаванні вуліц у гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна, займаліся рамонтам дваровых тэрыторый ў Полацку да Дня беларускай пісьменнасці.

Машынна-трактарны парк нашай арганізацыі на сённяшні дзень патрабуе частковай замены. Апошнім яго папаўненнем былі грузавыя аўтамабілі МАЗ, якія прадпрыемства набыло яшчэ ў 2009 годзе. Таму вялікая частка фінансавых сродкаў цяпер ідзе на набыццё запасных частак да тэхнікі. Тым не менш, спецыялісты нашага ўпраўлення прыкладваюць максімум намаганняў, каб быць у пастаянным пошуку новых аб’ёмаў работы.

Электрагазазваршчык Сяргей Носка
Электрагазазваршчык Сяргей Носка

Як паведаміла нам старшыня прафсаюзнага камітэта ДРБУ № 131 Святлана Уладзіміраўна Цітовіч, напярэдадні прафесійнага свята — Дня аўтамабіліста і дарожніка — Ганаровыя граматы і Падзякі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” атрымалі галоўны інжынер філіяла Аляксандр Мадэставіч Станько, дарожны майстар Міхаіл Вікенцьевіч Буйка, вадзіцелі Аляксей Міхайлавіч Другакоў, Іван Вячаслававіч Рыжы і электрагазазваршчык Сяргей Рышардавіч Носка.

— За гады працы ў нас склаўся дружны калектыў, — кажа Вячаслаў Васільевіч. — Усе працаўнікі прадпрыемства забяспечваюць паспяховую работу арганізацыі ў цэлым. Віншую сваіх калег з прафесійным святам, а таксама з 60-годдзем з моманту стварэння ўпраўлення. Жадаю ўсім моцнага здароўя, поспехаў у працы, дабрабыту ў сем’ях і дасягнення высокіх вытворчых паказчыкаў.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *