На савеце Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў падвялі вынікі работы за мінулы год і акрэслілі планы на 2018

Прафсаюзы

Выступае старшыня Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў І. В. Малюгін
Выступае старшыня Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў І. В. Малюгін

Раённыя грамадскія арганізацыі і аб’яднанні цяпер праводзяць справаздачныя сходы па выніках працы за мінулы год. 8 лютага ў вялікай зале райвыканкама адбыўся савет Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. На пасяджэнні былі разгледжаны пытанні работы грамадскага аб’яднання за мінулы год, акрэслены планы і задачы на 2018 год. З асноўным дакладам выступіў старшыня Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін.

На тэрыторыі раёна зарэгістравана і дзейнічаюць 26 грамадскіх арганізацый. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў — самая шматлікая, у яе ўваходзяць больш 4,6 тысячы чалавек. Дзейнасць грамадскай арганізацыі будуецца ў адпаведнасці з гадавым планам работы. Як адзначыў Ігар Віктаравіч, у забеспячэнні сацыяльнай абароны чалавека працы ёсць два крокі. Першы — гэта стварэнне прафсаюзнай арганізацыі. На жаль, у 2017 годзе ліквідаваны шэраг пярвічных прафсаюзных арганізацый. Гэта звязана з тым, што адбылося закрыццё некаторых устаноў або іх рэарганізацыя. Але ўжо ў 2018 годзе зарэгістравана пярвічка Шаркаўшчынскага кансервавага завода. Другі крок — заключэнне калектыўных дагавораў, унясенне ў іх дапаўненняў і змяненняў. У райвыканкаме зарэгістравана 56 калектыўных дагавораў. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў вядзе іх рэестр.

13 і 14 сакавіка 2017 года ў раёне працавала рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ. Быў праведзены маніторынг у 14 арганізацыях. Прадстаўнікамі групы было арганізавана правядзенне семінара для грамадскіх інспектараў працы. Вынікі работы рэйдавай групы і выкананне выдадзеных рэкамендацый разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама. Трэба адзначыць, што рэйдавая група не толькі правярае, але і аказвае пэўную дапамогу. Так, падчас уборачнай кампаніі за сродкі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі для сельгаспрадпрыемства імя Маркава быў набыты новы маразільнік. Сёлета рэйдавая група ў нашым раёне будзе працаваць 5 і 6 сакавіка.

Адным са спосабаў эфектыўнай прафсаюзнай работы з’яўляецца разгляд зваротаў грамадзян і аказанне ім практычнай дапамогі. Падчас штомесячнага прававога прыёму грамадзян у раённым аб’яднанні прафсаюзаў і арганізацыях раёна дапамогу атрымалі 24 жыхары. 25 студзеня 2018 года ўпершыню прайшоў прыём грамадзян з удзелам пракурора Шаркаўшчынскага раёна. Гэта практыка будзе прадоўжана і ў далейшым.

Актыўны ўдзел прафсаюзныя арганізацыі раёна прымаюць у рэспубліканскай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. Пярвічкі аказалі дапамогу ў падрыхтоўцы дзяцей да новага навучальнага года. У перыяд навагодніх свят акцыя была прадоўжана. Самы актыўны ўдзел у гэтых мерапрыемствах прыняў і старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іван Канстанцінавіч Вазміцель.

У лістападзе на пасяджэнні савета раённага аб’яднання прафсаюзаў былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю раёна. Лепшай стала пярвічка цэнтральнай раённай бальніцы. Другое месца заняла пярвічная арганізацыя ДБУ-26. Трэцяе — сярэдняя школа № 2.

Рэгулярна і своечасова інфармацыя пра дзейнасць раённага аб’яднання прафсаюзаў, арганізацыях галіновых прафсаюзаў размяшчаецца на сайце і старонках раённай газеты “Кліч Радзімы”, на сайце райвыканкама.

— 2018 год патрабуе ад нас высокай самаадачы, працавітасці і адказнасці, — падкрэсліў у сваім выступленні Ігар Віктаравіч. — 18 лютага адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Прафсаюзы прымаюць актыўны ўдзел у арганізацыі дадзенай палітычнай кампаніі. Многае ўжо зроблена, але яшчэ больш спраў чакае нас наперадзе. Гэта стварэнне новых пярвічных прафсаюзных арганізацый, маніторынгі выканання палажэнняў калектыўных дагавораў, норм аховы працы, работа са зваротамі грамадзян, развіццё інфармацыйнай, культурна-масавай і спартыўнай работы, выкананне рашэнняў і пастаноў вышэйстаячых прафсаюзных органаў.

Аб рабоце прафсаюзнай арганізацыі Лужкаўскай сярэдняй школы прысутным у сваім дакладзе паведаміла яе старшыня Ірына Мар’янаўна Грыдзюшка.

Перад прафсаюзнымі арганізацыямі раёна ў 2018 годзе пастаўлена задача па павышэнні эфектыўнасці арганізацыі санаторна-курортнага лячэння членаў прафсаюзаў і членаў іх сямей на базе санаторыяў УП “Беларустурыст”, а таксама экскурсійных паездак унутры краіны і за яе межы. На гэтых пытаннях больш падрабязна спынілася прадстаўнік унітарнага прадпрыемства “Браслаўскія азёры” Надзея Дударонак.

У рабоце савета Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў прынялі ўдзел і выступілі намеснік старшыні Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Анатольевіч Васілеўскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_9821 IMG_9827 IMG_9831 IMG_9841 IMG_9849 IMG_9857 IMG_9861 IMG_9866



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *