У адпаведнасці з планам-графікам прыёму грамадзян прававымі інспектарамі працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў раённых аб’яднаннях прафсаюзаў 22 лютага 2018 года па ўсёй краіне прайшлі прафсаюзнцыя прыёмы грамадзян па пытаннях, якія рэгулююць сферу працоўных і звязаных з імі праваадносін. У нашым раёне прыём грамадзян праходзіў у аг. Пялікі, у адміністрацыйным будынку ААТ “Даватарскі”. Праводзілі яго галоўны прававы інспектар Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці Ігар Мікалаевіч Сілін, пракурор Шаркаўшчынскага раёна Андрэй Барысавіч Вецюгоў і старшыня Шаркаўшчынскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін.
За юрыдычнай кансультацыяй звярнулася жыхарка аг. Пялікі, якая працуе ў ААТ “Даватарскі”. Жанчыну турбуе пытанне вялікага кошту за расход прыроднага газу, які падведзены да дома. У адпаведнасці з дзяржаўнымі нормамі ўстаноўлены дыферэнцыраваныя аб’ёмы карыстання блакітным палівам. Па розным кошце абаненты аплочваюць выкарыстаны прыродны газ у аб’ёме да 3.000 метраў кубічных, ад 3.000 да 5.500 метраў кубічных і звыш 5.500 метраў кубічных. Такім чынам, як растлумачылі жанчыне, калі ідзе перарасход прыроднага газу звыш мінімальна ўстаноўленага аб’ёму ў 3.000 метраў кубічных, аплата за яго праводзіцца па вышэйшых тарыфах.
З пытаннямі аплаты лістка непрацаздольнасці і правільнасці выплаты заробку ад наймальніка звярнуўся жыхар гарадскога пасёлка. Мужчына ў мінулым годзе на працягу шасці месяцаў працаваў у Мінску на сумесным беларуска-кітайскім прадпрыемстве. Па стане здароўя некаторы час ён не мог выконваць працоўныя абавязкі. Прадастаўлены работнікам у адміністрацыю прадпрыемства ліст непрацаздольнасці з установы аховы здароўя не быў аплочаны арганізацыяй за дні хваробы. Як высветлілася, мужчына працаваў па дагаворы падраду. З ім не быў заключаны працоўны дагавор або кантракт. Прававы інспектар працы і пракурор растлумачылі, што ў дадзеным выпадку арганізацыя-наймальнік не парушыла працоўнае заканадаўства, бо па дагаворы падраду ліст непрацаздольнасці не аплочваецца. Мужчыну таксама хвалявала пытанне няпоўнай выплаты заробку адміністрацыяй гэтага ж прадпрыемства. Як ён растлумачыў сам, у дагаворы падраду першапачаткова была прапісана адна сума выплаты грашовых сродкаў пасля выканання пэўных відаў работ, а на самой справе работнік атрымліваў значна ніжэйшыя выплаты. Пракурор раіў яму звярнуцца да адваката, каб юрыдычна разабрацца ва ўсіх аспектах узнятай праблемы. Ёсць магчымасць таксама падаць іск у суд на арганізацыю, у якой ён працаваў.
Прыёмы грамадзян, якія праводзяць прававыя інспектары працы на бязвыплатнай аснове, з’яўляюцца добрай магчымасцю атрымаць юрыдычныя кансультацыі па тых або іншых пытаннях працоўнага заканадаўства. З нядаўняга часу такія прыёмы праходзяць з удзелам пракурорскіх работнікаў, што дазваляе больш дэталёва падысці да вырашэння праблем грамадзян, якія звяртаюцца па юрыдычную дапамогу.
Сяргей РАЙЧОНАК.

