
Тры шаркаўшчынскія спартсмены прымалі ўдзел у чэмпіянаце Беларусі па таэквандо сярод моладзі ад 16 да 21 года, які праходзіў у Віцебску. Як заўсёды, дастойна выступіла ў сваёй вагавай катэгорыі да 57 кілаграмаў лепшая маладая спартсменка раёна, вучаніца 11 класа СШ № 1 Жанна Шошына. Усе паядынкі яна завяршыла датэрмінова, і ў свае 16 год стала чэмпіёнкай Беларусі сярод моладзі.
Не засталася ў даўгу і мужчынская палова каманды. Абараняючы гонар Віцебскай вобласці на рэспубліканскім узроўні Аляксей Іваноў у вагавай катэгорыі да 87 кілаграмаў сярод мужчын таксама заняў першае месца.
Істотны прарыў у павышэнні свайго прафесійнага майстэрства здзейсніла вучаніца 9 класа Радзюкоўскай БШ Анна Ліпская, яна ўзышла на бронзавую прыступку п’едэстала ў паядынках сярод дзяўчат у вагавай катэгорыі да 63 кілаграмаў. Дарэчы, у час выступлення на адкрытым рэспубліканскім турніры ў горадзе Заслаўль, Аня таксама ўвайшла ў лік прызёраў, калі заваявала сярэбраны медаль. Гэты турнір быў праверкай падрыхтаванасці кадэтаў (12-14 год) да першынства Беларусі ў дадзенай узроставай групе. Улічваючы абмежаванасць стартаў нашай юнай змены, можна зрабіць выснову, што перспектывы на дастойнае выступленне, безумоўна, ёсць, паболей бы толькі такіх турніраў.
Так вучань 8 класа СШ № 1 Антон Губскі заняў 2 месца ў самай прэстыжнай цяжкай вагавай катэгорыі звыш 65 кілаграмаў, сярод дзяцей да 30 кілаграмаў выдатна выступаў Дзмітрый Толкач, вучань Радзюкоўскай БШ, у яго таксама сярэбраны медаль. Літаральна аднаго бала не хапіла вучню 8 класа сярэдняй школы № 1 Дзмітрыю Кандрацьеву, каб атрымаць чэмпіёнскі тытул. Значыць неабходна трэніравацца яшчэ больш упарта, каб абмяняць “бронзу” на “золата”.
Сапраўдны байцоўскі характар праявіў у час турніру вучань 6 класа СШ № 1 Аляксей Сарай. Маладзейшы сваіх сапернікаў на 2 гады, спуску ім Аляксей не даваў, і нават атрымаўшы траўму ў час аднаго з паядынкаў, змог завяршыць яго перамогай і заваяваць бронзавы медаль. А з такой мэтанакіраванасцю набыць чэмпіёнскі тытул для яго — гэта толькі справа часу.
Самае галоўнае, што ў нашых юных таэквандыстаў ёсць працаздольнасць, настойлівасць і воля, якая ўмацоўваецца штодзённымі маленькімі перамогамі над сабой у барацьбе з жыццёвымі перашкодамі. І невыпадкова “крапавікі” спецназа прытрымліваюцца такога пастулату: “Пераможаш сябе — будзеш непераможным”. Вось толькі заваяваць гэту перамогу не кожнаму пад сілу.
А шаркаўшчынскія таэквандысты на многае здольныя, застаецца толькі пажадаць ім новых дасягненняў ва ўсіх сферах жыцця.
І. ІВАНОЎ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.
