Бясспрэчным лідарам на сёлетнім жніве амаль з першых яго дзён у Шаркаўшчынскім раёне з’яўляецца камбайнер ААТ “Даватарскі” Юрый Геронцьевіч Ардынскі. Кожны дзень на сваім новым камбайне “New Holland” механізатар намалочвае 130-140 тон зерня.
Па стане на 16 жніўня Юрый Ардынскі першым у раёне адправіў у дзяржаўныя засекі 1515 тон зерня. Павіншаваць перадавіка ў поле прыехалі намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Ірына Генадзьеўна Міхалёнак, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Мікалаеўна Альшэўская, намеснік дырэктара ААТ “Даватарскі” Алег Мечыслававіч Перхуровіч і старшыня прафкама гаспадаркі Ірына Леанідаўна Ардынская. Яны ўручылі камбайнеру каштоўныя падарункі і грашовую прэмію, пажадалі далейшай плённай працы на сёлетнім жніве.
Словы ўдзячнасці і падарункі яны таксама адрасавалі і вадзіцелю Вячаславу Смірнову. На аўтамабілі КамАЗ ён перавёз ад камбайнаў 868 тон зерня.
Адным з лідараў па намалочаных тонах зерня новага ўраджаю з’яўляецца і камбайнер КУВСП “Гарадзец” Юрый Урублеўскі. На камбайне КЗС-1218 па стане на 16 жніўня ён намалаціў 803 тоны зерня. Віншаванні і падарункі ў полі ён атрымаў ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяны Мікалаеўны Альшэўскай.
А вось малады механізатар КУВСП імя Маркава Вадзім Странчэўскі, які з’яўляецца студэнтам і праходзіць у гаспадарцы вытворчую практыку, вызначаны лепшым сярод маладых вадзіцеляў раёна на адвозе зерня ад камбайнаў. Нягледзячы на тое, што хлопец выконвае гэты від работ на трактары МТЗ-82, а не на хуткасным аўтамабілі, па стане на 16 жніўня ён перавёз у дзяржаўныя засекі 745 тон зерня.
Падарункі маладому механізатару з такім высокім працоўным дасягненнем на жніве ўручылі першы сакратар райкама БРСМ Міхаіл Часлававіч Пугаўка і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Мар’янаўна Шынкевіч.
Сяргей РАЙЧОНАК.


