У настаўніка і бібліятэкара шмат агульных задач. Сельскі бібліятэкар, як і педагог, імкнецца далучыць дзяцей да ўсяго добрага і светлага, засяродзіць увагу сваіх чытачоў на добрых кнігах. У Ручайскай бібліятэцы-філіяле № 38 іх заўсёды хапала. Таму і мясцовыя дзеці з задавальненнем прыбягалі ў бібліятэку папрасіць дапамогі ў Алы Мілецьеўны Філіпёнак, бо ведалі, што нават без Інтэрнэта бібліятэкар, якая шмат гадоў адпрацавала настаўніцай, дапаможа знайсці адказы на любое пытанне, знойдзе патрэбную кнігу і нікога не пакіне без увагі. На працягу апошніх 6 гадоў настаўніца пачатковых класаў спачатку Беладворскай, а потым Гуркаўскай базавых школ Ала Мілецьеўна працавала бібліятэкарам Ручайскай бібліятэкі-філіяла. А ў пачатку наступнага месяца жанчына пойдзе на заслужаны адпачынак і сама бібліятэка-філіял у сувязі з аптымізацыей прыпыніць сваю дзейнасць.
— Бібліятэкары і загадчыцы сельскіх бібліятэк робяць усё ад іх залежнае, каб з пакалення ў пакаленне перадаваўся інтарэс чытачоў да кнігі, — паведаміла дырэктар Шаркаўшчынскай ЦБС Алена Фромертас. — Ала Мілецьеўна Філіпёнак заўсёды была ў ліку лепшых бібліятэкараў, бо яна ўмее зацікавіць сваіх чытачоў кнігамі. Шмат мерапрыемстваў праводзіла для вучнёўскай моладзі. А яшчэ не сядзела на месцы ў чаканні наведвальнікаў: разносіла кнігі і часопісы, розныя перыядычныя выданні па дамах, наведвала пажылых жыхароў, якім па стане здароўя цяжка было прыйсці ў бібліятэку. Па ініцыятыве бібліятэчнага работніка непасрэдна ў бібліятэцы быў створаны этнаграфічны куток, які таксама выклікаў цікавасць у юных чытачоў. Там размяшчаліся старажытныя прадметы сялянскага быту. Выказваю вялікую падзяку Але Мілецьеўне за яе шматгадовую працу, дзякуючы якой для жыхароў вёсак Ручай, Папкі, Гуркі і Зачысцікі сельская бібліятэка заўсёды з’яўлялася цэнтрам культурнага жыцця.
Ала Мілецьеўна — шматдзетная маці, разам з мужам Віктарам Іванавічам яна выхавала чатырох ужо дарослых дзяцей. Старэйшая дачка Ларыса працуе аператарам мабільных тэлесістэм у нашым гарадскім пасёлку, Ганна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, а сыны Іван і Ігар — будаўнікі. У гераіні гэтага матэрыяла ўжо 5 унукаў. Старэйшаму Аляксею хутка споўніцца 12 год, а малодшай унучачцы Каміле яшчэ толькі месяц. І менавіта з унукамі Ала Мілецьеўна з найбольшым задавальненнем праводзіць свой вольны час. А яшчэ захапляецца кветкамі.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
