22-га мая адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама з удзелам начальнікаў аддзелаў і ўпраўленняў, старшыняў сельвыканкамаў, кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў райцэнтра, сельгаспрадпрыемстваў, спецыялістаў упраўлення райсельгасхарчу.
“Аб ходзе добраўпарадкавання населеных пунктаў раёна, навядзенні парадку на вытворчых тэрыторыях, згодна з даручэннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, дадзеных па выніках наведвання рэгіёнаў” — такое асноўнае пытанне парадку дня. З інфармацыямі выступілі першы намеснік старшыні райвыканкама Д. М. Ламака, старшыня раённага Савета дэпутатаў У. С. Шпец, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І. І. Міхалёнак, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна У. Л. Грашчанка. У ходзе пасяджэння былі заслуханы тлумачэнні старшынь сельвыканкамаў, кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, адказных за навядзенне парадку ў сельскіх населеных пунктах.
У другой палове дня ўдзельнікі мелі магчымасць пабываць і ацаніць зробленае па добраўпарадкаванню на тэрыторыях сельгаспрадпрыемстваў “Агратэхсэрвіс”, “Даватарскі”, “Васюкі”. Былі адзначаны як станоўчыя зрухі, так і зроблены даволі сур’ёзныя заўвагі, бо многае з таго, што патрэбна зрабіць, не выканана. Асабліва такое тычыцца работ па павелічэнню контурнасці палёў, увядзення ў севазварот земляў, якія выкарыстоўваюцца вельмі неэфектыўна, зносу пустуючых і драхлых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі, навядзенню парадку на прыфермскіх тэрыторыях.
У далейшым аналагічныя выязныя пасяджэнні плануецца правесці з ахопам усіх сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра.
Вёў пасяджэнне старшыня райвыканкама М. В. Морхат.
Эдуард КОРСАК
