Напярэдадні навагодніх і калядных свят Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіла дабрачынны праект “Мары збываюцца”. З усіх куткоў краіны дзеці дасылалі свае лісты або відэапаведамленні з просьбамі аб выкананні самых сваіх самых запаветных мар і жаданняў.
Шаркаўшчынскія школьнікі таксама далучыліся да гэтай акцыі, бо менавіта пад Новы год кожны верыць у цуды, хоча, каб яны абавязкова збыліся. Вучаніцы 6 “А” класа сярэдняй школы №1 Вераніка і Вікторыя Смерцевы і вучаніца 8 класа Іёдскай ДС—СШ Бажэна Мілянцей апынуліся ў ліку пераможцаў абласнога этапу дадзенага дабрачыннага праекта. І вось 31 снежня старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алеся Грыдзюшка наведалі навучальныя ўстановы, каб павіншаваць школьніц з навагоднімі святамі, з перамогай у абласным этапе праекта і ўручыць ім памятныя падарункі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
На старонках газеты, напэўна, не варта раскрываць сакрэт загаданых дзецьмі мар, бо гэта для іх самыя запаветныя жаданні, у здзяйсненне якіх дзяўчаты вераць па-сапраўднаму. А калі верыць і ўпэўненым крокам ісці да сваёй мары, яна абавязкова ўвасобіцца ў жыццё.





