Супрацоўнікі Шаркаўшчынскага РАНС праводзяць прафілактычную работу, каб прадухіліць лясныя пажары

Служба 101

інжынер РАНС Мікалай Маркушонак дае памятку жыхару вёскі Сасноўцы
інжынер РАНС Мікалай Маркушонак дае памятку жыхару вёскі Сасноўцы

Улічваючы складаную сітуацыю з пажарамі ў экасістэмах Віцебскай вобласці (устаноўлены 3 клас пажарнай небяспекі на тэрыторыі нашага раёна), работнікамі Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з прыцягненнем спецыялістаў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзяржаўнай лясной аховы, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзела землеўпарадкавання райвыканкама арганізавана правядзенне комплексу прафілактычных мерапрыемстваў.
У мінулыя выхадныя інжынер Шаркаўшчынскага РАНС Мікалай Маркушонак з галоўным спецыялістам аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Яўгенам Сцяпанавым накіраваліся ў прафілактычны рэйд. Разам з імі ўдзел прыняў і карэспандэнт раённай газеты.
Рэйдавая група ажыццявіла падворны абход домаўладанняў у вёсцы Сасноўцы, сустрэлася з жыхарамі вёскі Валожынкі. Мясцоваму насельніцтву тлумачылі правілы супрацьпажарнай бяспекі. Арганізатары рэйду растлумачылі, што за парушэнне правілаў супрацьпажарнай бяспекі ў лясах, на тарфяніках, незаконнае выпальванне сухой расліннасці, а таксама іржышча і пажніўных астаткаў на палях грамадзяне могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Насельніцтва ўважліва прыслухоўвалася да спецыялістаў. У ходзе сумеснай гутаркі вяскоўцы атрымалі памяткі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Як запэўніў інжынер Шаркаўшчынскага РАНС Мікалай Маркушонак, дадзеная прафілактычная работа будзе прадоўжана і ў далейшым. Цяпер вельмі важна сустракацца з людзьмі асабіста і расказваць ім пра вялікую небяспеку, якую тоіць у сабе агонь, няправільнае абыходжанне з ім і ігнараванне элементарных правіл супрацьпажарнай бяспекі.
Дадаткова паведамляем, што пры ўстанаўленні IV—V класаў пажарнай небяспекі ў лясах забаронена:
— знаходжанне грамадзян на тэрыторыі ляснога масіву і тарфяніках;
— уезд транспартных сродкаў у лес за выключэннем транаспартных сродкаў юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, і органаў, якія ажыццяўляюць кантроль у адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 106 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама органаў і сіл забеспячэння нацыянальнай бяспекі, пералічаных у пункце 60 Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лістапада 2010 г. № 575.
Ва ўсіх астатніх выпадках парушальнікаў могуць пакараць папярэджаннем або штрафам да 25 базавых велічынь па артыкуле 15.29 КоАП. Калі ж будзе пашкоджаны лес або тарфянікі, то штраф могуць павялічыць ўдвая.
Акрамя таго, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, іржышча, пажніўных астаткаў на палях прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 15.57 КоАп і штраф да 40 базавых велічынь.
Сяргей РАЙЧОНАК.