Прадстаўнікі Шаркаўшчынскай ДЮСШ рэгулярна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах раённага, абласнога, рэспубліканскага і, нават, міжнароднага ўзроўняў. Юныя спартсмены паказваюць нядрэнныя вынікі. Пра дасягненні сваіх выхаванцаў падчас летняга спартыўнага сезона расказвае дырэктар ДЮСШ Наталля АРЭШКАВА:
— Напрыканцы мая шаркаўшчынскія лёгкаатлеты 1997—1998 гадоў нараджэння ўдзельнічалі ў абласной спартакіядзе ў Віцебску, дзе занялі 4-е месца з 20-ці каманд-удзельніц.
Спартсмены 1995—1996 г. н. удзельнічалі ў абласных днях моладзі. На школьных лінейках з нагоды заканчэння навучальнага года памятныя падарункі былі ўручаны лепшым спартсменам раёна 2011 года. Імі аказаліся вучні Шаркаўшчынскай СШ № 1 Аляксандр Данільчанка, Аляксей Стоцік, а таксама Дыяна Шах з Лужкаўскай СШ.
Праведзены агляд-конкурс “Лепшы трэнер года”. Лепшыя вынікі паказаў Пётр Пятровіч Рубніковіч, які працуе ў Германавіцкім аддзяленні ДЮСШ, — ён стаў пераможцай конкурсу.
З 4 па 23 чэрвеня на базе ДЮСШ працаваў спартыўна-аздараўленчы лагер “Спартыўная сямейка”. Тры дзясяткі юных спартсменаў мелі магчымасць трэніравацца, удзельнічаць у спаборніцтвах і культурна-масавых мерапрыемствах. Лепшыя спартсмены былі адзначаны медалямі і дыпломамі.
Нашы спартсмены 1996—1997 г. н. прымалі ўдзел у першынстве краіны па лёгкай атлетыцы. Нядрэнныя вынікі паказалі дзяўчаты — Дыяна Шах і Таццяна Рубніковіч.
У кастрычніку прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па спартыўнай хадзьбе, прысвечаныя памяці вядомага беларускага спартсмена П. І. Пачынчука. Арцём Клімза ўвайшоў у тройку мацнейшых, добра выступілі Дыяна Шах і Таццяна Рубніковіч.
Зборная Шаркаўшчынскага раёна ўдзельнічала ў адкрытых першынствах Полацкага, Глыбоцкага і Браслаўскага раёнаў.
Добрыя вынікі дэманструюць выхаванцы аддзялення таэквандо, якіх трэніруе І. А. Іваноў. Дзмітрый Кандрацьеў і Анна Ліпская выканалі нарматыў кандыдата ў майстры спорту.
У бягучым годзе трое выхаванцаў ДЮСШ адправіліся на вучобу ў вучылішчы алімпійскага рэзерву: у Наваполацкае — Таццяна Рубніковіч з Германавіч і Аляксандр Стрыжонак з Лужкоў, у Віцебскае — Аляксандр Фёдараў з Германавіч.
Хочацца адзначыць, што сёлета ў шаркаўшчынскіх спартсменаў з’явілася добрая магчымасць трэніравацца на новым стадыёне.
І яшчэ нельга не адзначыць вядучых спартсменаў ДЮСШ. А гэта Вікторыя Каленцьева, Іван Зенкевіч, Анастасія Якаўлева, Уладыслаў Міхневіч, Дар’я Шышко, Кацярына Сташкевіч, Мікіта Калесніковіч, Святлана Жынь, Карына Мядзелец, Вадзім Адзінец, Маргарыта Клімза, Андрэй Рубніковіч, Уладлен Лаўрыновіч, Валянцін Сямёнаў, Віталій Бохан, Дзмітрый Зубко, Яўгенія Кірсанава, Вікторыя Шарубнёва, Аляксей Крыўко, Наталля Лукашэвіч, Яўген Маркевіч і іншыя.
Аляксандр БАРЫЛА
