— Яшчэ ў старэйшых класах я вырашыў, што ў будучым выберу для сябе прафесію, звязаную з сельскай гаспадаркай, — сказаў нам у час сустрэчы жыхар гарадскога пасёлка Міхаіл Лысёнак. — Сам я нарадзіўся і вырас у вёсцы Буеўшчына, таму і любоў да зямлі атрымаў з маленства.
Міхаіл Міхайлавіч цяпер жыве ў раённым цэнтры. 30 кастрычніка кіраўніцтва, адміністрацыя і прафсаюзны камітэт ААТ “Агратэхсэрвіс” ва ўрачыстай атмасферы праводзілі яго на заслужаны адпачынак.
— Здаецца, што літаральна ўчора я прыйшоў працаваць пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі на пасаду загадчыка механічных майстэрняў калгаса імя Даватара, — успамінае Міхаіл Міхайлавіч. — Было гэта ў 1981 годзе. Старшынёй гаспадаркі ў той час працаваў Георгій Андрэевіч Латышонак. Менавіта ён і быў маім першым настаўнікам, найлепшым памочнікам. Праз пэўны час мяне перавялі на пасаду галоўнага інжынера сельгаспрадпрыемства, у якім я адпрацаваў на працягу 8 гадоў.
У 1988 годзе я з сям’ёй пераехаў жыць у Шаркаўшчыну. Працаўладкаваўся ў тагачасную райсельгастэхніку, дзе займаў пасаду загадчыка дапаможнай гаспадаркі.
За гады працы ў гэтай арганізацыі давялося змяніць шмат розных прафесій. Працаваў у якасці агранома, калі апрацоўвалі вялікія надзелы зямель у калгасах “Буравеснік”, “Іскра”. Калі пачалі ўзбуйняць гаспадаркі і арганізацыі, кіраўніцтва паставіла мяне на пасаду загадчыка жывёлагадоўчага комплексу ў вёсцы Грыгараўшчына. Цяжкі быў той час. Комплекс быў разлічаны на ўтрыманне двух з паловай тысяч быкоў, а на самой справе там было толькі 80 цялят. Будынкі знаходзіліся ў аварыйным стане. Дзякуючы былому старшыні раённага выканаўчага камітэта Мечыславу Морхату, кіраўніцтву раёна, намесніку начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Наталлі Бортнік у сціслы тэрмін (за тры гады) мы змаглі адрамантаваць комплекс, запоўніць яго буйной рагатай жывёлай. Гэта, у сваю чаргу, паступова стала прыносіць прыбытак. Ішла рэалізацыя жывёлы на мясакамбінат, з’явіўся дадатковы грашовы прыбытак для сельгаспрадпрыемства.
За сем гадоў на жывёлагадоўчым комплексе “Грыгараўшчына” мы рэалізавалі каля 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, чым прынеслі гаспадарцы значны фінансавы прыбытак.
Затым на працягу шасці наступных гадоў я працаваў па сваёй непасрэднай спецыяльнасці — з’яўляўся галоўным інжынерам ААТ “Агратэхсэрвіс”, а потым быў інжынерам па тэхніцы бяспекі.
На якіх пасадах ні знаходзіўся, заўсёды праяўляў стараннасць і сумленна адносіўся да сваёй працы, да работнікаў гаспадаркі. Шкада толькі, што гады праляцелі вельмі хутка і незаўважна. Але заўсёды трэба глядзець з аптымізмам у будучыню, бо побач ёсць любімыя жонка, дзеці і ўнукі, якія надаюць сэнс жыццю.
Сяргей РАЙЧОНАК.
