Больш за трыста чалавек — педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, ветэранаў педагагічнай працы, маладых спецыялістаў, прадстаўнікоў мясцовай улады — сабрала традыцыйная жнівеньская нарада работнікаў адукацыі раёна, якая прайшла 25 жніўня. Для педагогаў вераснёўскі званок — гэта стартавы сігнал да новага жыццёвага этапа, для новых ідэй, для новага творчага пошуку.
Пачатак навучальнага года — складаны і адказны час для ўсіх работнікаў сферы адукацыі. Штогод напярэдадні 1 верасня педагагічныя калектывы пераглядаюць свой настаўніцкі “багаж”, ацэньваюць, што атрымалася, якія былі ўдалыя знаходкі. З вынікамі работы сістэмы адукацыі раёна, задачамі і перспектывамі развіцця на 2021—2022 гады азнаёміла прысутных начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярына Міхнёнак.
— 1 верасня ўстановы адукацыі раёна расчыняць свае дзверы для 1662 дзяцей, — паведаміла Кацярына Рыгораўна. — Для рэалізацыі іх правоў на атрыманне адукацыі будуць працаваць 6 дашкольных устаноў, 2 базавыя і 6 сярэдніх школ. З 8 агульнаадукацыйных школ 3 установы з’яўляюцца вучэбна-педагагічнымі комплексамі сад-школа. У раёне таксама працуюць цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячы дом сямейнага тыпу.
З 1 верасня зачыняецца Радзюкоўская базавая школа, Велікасельская ДС—СШ будзе рэарганізавана ў дзіцячы сад—базавую школу.
У сучасных умовах на першым месцы па значнасці знаходзіцца кадравае забеспячэнне ўстаноў адукацыі. Сёння тут працуюць 326 педагагічных работнікаў, з іх 59 — выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі. 83 працэнты педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі, 86 працэнтаў — вышэйшую адукацыю. Працуюць 7 выдатнікаў адукацыі, адзін настаўнік узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Установы дашкольнай адукацыі наведваюць 396 выхаванцаў. Да месцаў навучання на 11 школьных аўтобусах ажыццяўляецца падвоз вучняў школ і выхаванцаў дзіцячых садоў, усяго 353 чалавекі. У верасні плануецца набыць адзін аўтобус для Лужкаўскай СШ.
Сваімі думкамі аб рэалізацыі галоўных педагагічных задач на практыцы падзяліліся кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі: дырэктар Більдзюжскай СШ Мікалай Рубацкі, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 Таццяна Зубовіч і загадчык Гарадзецкага ясляў-сада Наталля Філіпёнак.
Удзельнікаў жнівеньскай нарады вітаў старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака.
— Паважаныя кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна, настаўнікі, маладыя спецыялісты і ветэраны педагагічнай працы, віншую вас з пачаткам новага навучальнага года, так як традыцыйная жнівеньская нарада з’яўляецца кропкай адліку для кожнага педагога, — з такімі словамі да прысутных звярнуўся кіраўнік раёна. — Як вы ведаеце, 23 і 24 жніўня ў Мінску прайшоў рэспубліканскі педагагічны савет з удзелам кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Аляксандр Рыгоравіч у сваім выступленні акцэнтаваў увагу на тым, што статус настаўніка — гэта яго аўтарытэт. Многае залежыць ад асобы, характара, кампетэнтнасці і прафесіяналізму педагога. Усе мы разумеем, што праца настаўніка складаная і яе вынікі не адразу бачныя, а толькі праз гады, калі вучні заканчваюць школу. Вы — наша галоўная апора ў вырашэнні пытанняў грамадскага жыцця, важных палітычных падзей. Падкрэсліваючы важную ролю педагога, 2022 год плануецца аб’явіць Годам настаўніка і адукацыі.
Дарагія сябры! Жадаю вам добрага здароўя, аптымізму, творчага пошуку і знаходак, паспяховай рэалізацыі намечаных планаў. Са святам!
Затым Дзмітрый Міхайлавіч уручыў лепшым педагогам раёна Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў і Падзякі старшыні райвыканкама.
Кацярына Міхнёнак ва ўрачыстай атмасферы ўзнагародзіла педагагічных работнікаў Граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама. Шэрагу педагогаў былі ўручаны Пасведчанні аб занясенні на Дошку гонару аддзела па адукацыі райвыканкама, Ганаровыя граматы аддзела па адукацыі і грашовыя прэміі за лепшае эстэтычнае афармленне і добраўпарадкаванне ўстаноў адукацыі.
На ўрачыстасці прысутнічалі два маладыя педагогі, якія ў гэтым годзе пачалі працаваць у нашым раёне. Крысціна Юзава — выхавальнік ясляў-сада № 1 і Ганна Лонская — настаўнік інфарматыкі Іёдскай ДС—СШ.
Шчырыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас людзей, якія сёлета пайшлі на заслужаны адпачынак. Гэта Вольга Канстанцінаўна Арэх, Вячаслаў Альфрэдавіч Ластаўка, Ганна Пятроўна Ермакова, Галіна Генадзьеўна Лялека і Вера Мечыславаўна Паўловіч.
Перад пачаткам пасяджэння ў танцавальнай зале РЦК працавала выстава “Свет прыгажосці, дабра і адзінства”, прысвечаная Году народнага адзінства. Педагогі ўстаноў адукацыі праз мастацтва змаглі перадаць галоўную ідэю — там, дзе нараджаецца прыгажосць, там квітнеюць творчыя і прафесійныя дасягненні настаўнікаў і выхавальнікаў. Аўтарам лепшых кампазіцый намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Наталля Турчынская ўручыла грашовыя прэміі.
Цёплыя віншаванні і найлепшыя пажаданні педагогам раёна адрасавалі работнікі культуры, якія падарылі ім тэматычную канцэртную праграму.
Сяргей РАЙЧОНАК.







































