Амаль кожная клубная ўстанова раёна мае свае адметныя святы, уласныя мерапрыемствы. Вось і Германавіцкі Цэнтр культуры і народных традыцый — не выключэнне.
У мінулым годзе работнікі ўстановы культуры ўпершыню правялі ўрачыстае мерапрыемства, на якім ушанавалі людзей, хто сваёй працай, шчырым адносінам да справы заваявалі павагу ў грамадстве. Сёлета таксама было вырашана арганізаваць аналагічнае свята.
Нягледзячы на тое, што Германавічы буйны населены пункт, дзе функцыянуе шмат аб’ектаў сацыяльнай і вытворчай сфер, складана было вызначыць лепшых працаўнікоў, жыхароў аграгарадка. Вядучыя, а ў іх ролі выступілі Вольга Сташкевіч і Леанід Брылёў, пад гучныя апладысменты гледачоў запрасілі на сцэну Людмілу Абрамчык. Жанчына працуе ў сферы жывёлагадоўлі ААТ «Княж». Разам з мужам Аляксандрам з’яўляюцца аператарамі па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. Яны — перадавікі вытворчасці не толькі ў мясцовай гаспадарцы, але і ў раёне.
Шмат год працуе ў сферы медыцыны мясцовая жыхарка Наталля Ліпская. Яна — памочнік урача агульнай практыкі Германавіцкай урачэбнай амбулаторыі. У любое надвор’е, у любы час сутак жанчына спяшаецца, каб аказаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу людзям.
Маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі з Германавіч, але і з навакольных вёсак наведваюць дзіцячы садок аграгарадка, дзе выхавальніцай працуе Жанна Навіцкая — педагог з адкрытай душой і шчырым сэрцам. Больш трыццаці год жанчына адкрывае маленькім дзеткам свет нязведанага, вучыць іх любіць, сябраваць, спасцігаць грамату.
Адзін з лепшых ганчароў не толькі Віцебшчыны, але і Беларусі жыве і працуе ў Германавічах. Імя Сяргея Рымдзёнка добра вядома як ў нашай краіне, так і за яе межамі. З 1996 года гэты чалавек узначальвае Дом ганчара, з’яўляецца народным майстрам Рэспублікі Беларусь, плённа працуе над адраджэннем традыцыйнай керамікі.
У цяперашні час, калі сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё кожнага чалавека, па-ранейшаму не губляе сваёй актуальнасці прафесія паштальёна. Многія людзі, асабліва ў сельскай мясцовасці выпісваюць перыядычныя выданні, пішуць пісьмы і адпраўляюць святочныя паштоўкі сваім родным і сябрам. Своечасова атрымаць і адправіць карэспандэнцыю, аказаць шэраг іншых паслуг жыхарам Германавіч дапамагае паштальён мясцовага аддзялення сувязі Ганна Хаданёнак.
У самым цэнтры аграгарадка размяшчаецца магазін «Крама» індывідуальнага прадпрымальніка Людмілы Лабачэўскай. Тут прапануецца шырокі асартымент харчовых тавараў на любы густ. Асабліва людна ў «Краме» ў вячэрні час, калі пасля працоўнага дня мясцовыя жыхыры крочаць дадому. У магазіне кожны з іх абавязкова знойдзе патрэбны тавар.
— У народзе здаўна казалі, што чалавек працай славіцца, — з такімі словамі да прысутных звярнулася старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Якімовіч. — Той, хто шчыра і аддана працуе, прыносіць карысць сваёй сям’і, сваёй малой радзіме і краіне, той заўсёды будзе мець павагу ў грамадстве. Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што побач з намі жывуць таленавітыя, улюбёныя ў сваю справу людзі. Вялікі дзякуй вам!
Кіраўнік мясцовай адміністрацыі ўручыла Людміле Абрамчык, Наталлі Ліпскай, Жанне Навіцкай, Сяргею Рымдзёнку, Ганне Хаданёнак і Людміле Лабачэўскай памятныя статуэткі «Гонар аграгарадка», пажадала ім новых працоўных поспехаў.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.