
Не ўсе ведаюць, што ў нашым раёне, а менавіта ў вёсцы Каўшэлева пражывае адзіная жанчына-механізатар Ірына Іванаўна Крышталевіч. 31 жніўня гэтаму паважанаму чалавеку споўнілася 80 год.
Усю сваю працоўную частку жыцця Ірына Іванаўна прысвяціла сельскай гаспадарцы. Шчыравала жанчына ў жывёлагадоўлі, працавала даяркай. Аднойчы кіраўніцтва калгаса імя Фрунзе прапанавала ёй змяніць месца працы і стаць трактарыстам. Згадзіцеся, гэта справа была і цяпер амаль паўсюдна астаецца мужчынскай. Але Ірына Іванаўна не спасавала перад такімі цяжкасцямі, а дала згоду.
— Разам з маладымі хлопцамі нашага і суседніх калгасаў скончыла курсы трактарыстаў, якія былі арганізаваны ў вёсцы Запруддзе Пастаўскім рамесным вучылішчам механізацыі сельскай гаспадаркі, — успамінае юбілярка. — Пэўны час працавала на трактары Т-40. Гэта накшталт трактара “Беларус” МТЗ-80. Выконвала транспартныя работы. Калі ж тэхніка ламалася, то на дапамогу заўсёды прыходзілі мужчыны. Неаднаразова прыязджалі ў калгас карэспандэнты з рэспубліканскіх і ўсесаюзных сродкаў масавай інфармацыі, распытвалі ў мяне пра нялёгкую механізатарскую працу, фатаграфавалі. Апошнія гады перад выхадам на пенсію давялося папрацаваць на трактары Т-25.
У сямейным фотальбоме, які мы разам праглядалі, звярнулі ўвагу на фотаздымак. На ім сфатаграфавана Ірына Іванаўна з ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. Праз некаторы час, дзякуючы сумленнай працы, жанчына атрымала аналагічную ўзнагароду ІІ ступені.
— Гэтыя ўзнагароды не з’яўляюцца нечым асаблівым у маім жыцці, — працягвае Ірына Іванаўна. — Галоўнае багацце для мяне — мае дзеці, унукі і праўнукі, якія заўсёды побач, дзеля якіх я і жыву.
Павіншаваць Ірыну Іванаўну з адметнай датай у жыцці завіталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Генадзьеўна Міхалёнак. Кіраўнік раёна ўручыў юбілярцы Ганаровую грамату райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу Шаркаўшчынскага раёна, значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці. Ірына Генадзьеўна ў вершаванай форме павіншавала імянінніцу з днём нараджэння і падарыла ёй шыкоўны букет кветак.
Да віншаванняў таксама далучыліся прадстаўнікі адміністрацыі ААТ “Жвіранка” Зінта Мікалаеўна Валюшкіна і Ганна Мар’янаўна Бездзель, якія ад імя гаспадаркі і пярвічнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” уручылі Ірыне Іванаўне памятныя падарункі.
Сяргей РАЙЧОНАК.
