Аб правілах карыстання жылымі памяшканнямі расказвае юрысконсульт УКП ЖКГ Вольга Вецюгова

Актуальное

Дом адзін — а жыхароў многа. Таму пражыванне ў шматкватэрных дамах патрабуе ад жыхароў паважлівых адносін адзін да аднаго і да ўстаноўленых норм і правіл пражывання. На жаль, не заўсёды так атрымліваецца,  паміж суседзямі могуць узнікаць канфлікты, а тэрыторыі і памяшканні, якімі карыстаюцца ўсе, не ўтрымлівацца ў належным стане. Усе патрабаванні і нормы змешчаны ў Правілах карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных (пад дапаможнымі маюцца на ўвазе лесвічныя клеткі, вестыбюлі, пазакватэрныя калідоры і кладоўкі і іншае)  памяшканняў жылога дома ў Рэспубліцы Беларусь і дамовамі, якія заключаюцца ва ўстаноўленым парадку з наймальнікамі, уласнікамі жылых памяшканняў, членамі арганізацый грамадзян-забудоўшчыкаў. Больш падрабязна на гэтую тэму мы размаўляем з юрысконсультам УКП ЖКГ Вольгай Іванаўнай ВЕЦЮГОВАЙ.

— Вольга Іванаўна, якія патрабаванні прад’яўляюць Правілы да жыхароў?

— Адпаведна з Правіламі грамадзяне павінны прытрымлівацца наступных патрабаванняў: захоўваць санітарна-гігіенічныя нормы, а гэта значыць, падтрымліваць чысціню і парадак у жылых і падсобных памяшканнях, на балконах і лоджыях, у дапаможных памяшканнях жылога дома і на тэрыторыі каля яго, рабіць чыстку дываноў і іншага ў вызначаных месцах. Таксама трэба забяспечваць у жылых і дапаможных памяшканнях захаванасць канструкцыйных элементаў і інжынерных сістэм, захоўваць правілы пажарнай бяспекі, правілы карыстання санітарна-тэхнічным і іншым абсталяваннем.

— А вось што трэба рабіць, калі жыхары ўбачылі нейкую няспраўнасць?

— Пры выяўленні пашкоджанняў канструкцыйных элементаў, інжынерных сістэм і іншага, што можа ўяўляць небяспеку, калі жыхары не могуць адразу прыняць меры і справіцца з імі ўласнымі сіламі, трэба паведаміць пра іх наймадаўцу, уласніку, эксплуатуючай арганізацыі або адпаведнай аварыйнай службе.

—  Што забараняецца рабіць жыхарам у жылых, падсобных і дапаможных памяшканнях жылога дома і тэрыторыі каля яго?

— Захоўваць выбуховыя, атрутныя і забруджваючыя паветра рэчывы і прадметы, а таксама лёгкія на загаранне рэчывы з парушэннем правілаў захавання і карыстання, застаўляць лесвічныя клеткі, калідоры, праходы, запасныя выхады і дапаможныя памяшканні жылога дома, устройваць без дазволу мясцовых выканаўчых або распарадчых органаў, жыллёва-эксплуатацыйнай арганізацыі склепы і іншыя памяшканні пад лоджыямі і балконамі, у падвалах і тэхнічных падполлях і паверхах.

— А якое пакаранне можа чакаць парушальніка?

— Парушэнне Правіл, а таксама адзіных правіл і норм тэхнічнай эксплуатацыі і рамонту дзяржаўнага і прыватнага жыллёвых фондаў, пажарнай бяспекі, санітарнага ўтрымання лесвічных клетак, пад’ездаў, другіх дапаможных памяшканняў, жылых памяшканняў і інжынернага абсталявання, безгаспадарчае іх утрыманне, псаванне жылых дамоў і іншага, самаўпраўства ў рэалізацыі сваіх інтарэсаў і ўшчамленне законных правоў і інтарэсаў іншых грамадзян выклікае адміністрацыйную, крымінальную і іншую адказнасць адпаведна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

— І колькі можа каштаваць гэта кашальку?

— Напрыклад, парушэнне Правіл карыстання жылымі памяшканнямі можа выклікаць штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, парушэнне ў жылых памяшканнях і іншым заканадаўства аб пажарнай бяспецы выклікае папярэджанне або штраф да 30 базавых велічынь.

— Як паказвае практыка, гэта не такая ўжо рэдкая сітуацыя, калі паміж суседзямі ўзнікае канфлікт, і яны не могуць вырашыць яго самастойна. Што рабіць у такім выпадку?

— Тады таму баку, які лічыць, што яго інтарэсы парушаюцца, трэба звяртацца да нас. Мы разбяромся ў сітуацыі, складзем пратакол і накіруем яго на разгляд у суд, які вынясе рашэнне аб адміністрацыйным пакаранні.

— Курэнне ў пад’ездах… Ці з’яўляецца гэта парушэннем правіл і ці прадугледжана за яго пакаранне?

— Курэнне не дапускаецца ў падсобных памяшканнях кватэры, дзе пражываюць некалькі наймальнікаў або ўласнікаў, а таксама ў дапаможных памяшканнях жылого дома. Такім чынам, у адносінах суседзей, якія кураць у пад’ездзе, можа быць выкарыстаны адміністрацыйны штраф.

— Вольга Іванаўна, дзякуй за змястоўную гутарку.

Гутарыў Андрэй БУРЭЦ.



1 комментарий по теме “Аб правілах карыстання жылымі памяшканнямі расказвае юрысконсульт УКП ЖКГ Вольга Вецюгова

  1. — Ну что же, — задумчиво отозвался Воланд, — они — люди как люди. Любят деньги, но ведь это всегда было… Человечество любит деньги, из чего бы те ни были сделаны, из кожи ли, из бумаги ли, из бронзы или золота. Ну, легкомысленны… ну, что ж… и милосердие иногда стучится в их сердца… обыкновенные люди… В общем, напоминают прежних… квартирный вопрос только испортил их…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *