Сёлета “Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў” споўнілася 100 гадоў

Актуальное Общество

327

Сапраўдныя паляўнічыя і рыбаловы не толькі выкарыстоўваюць дары прыроды, але імкнуцца іх павялічыць — гэта выгадна ўсім.

Паляванне і лоўля рыбы спрадвеку былі асновай існавання чалавека. Сёння гэта ўжо не надзённая патрэба, а захапленне, якое прыносіць блізкае яднанне з прыродай. Гэта, у асноўным, спорт і адпачынак. Як хлебароб усёй душой любіць сваё поле, жывёлавод — свойскіх гадаванцаў, так і паляўнічы з радасцю сустракаецца з прыгажосцю дзікай прыроды.

Сёлета “Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў” споўнілася 100 гадоў. За доўгую гісторыю існавання рэспубліканскага добраахвотнага грамадскага аб’яднання значны ўклад у яго развіцці ўнесла і Шаркаўшчынская раённая арганізацыйная структура РДГА “БТПР”, створаная згодна з пастановай райвыканкама 27 жніўня 1955 года. Першым старшынёй раённага савета БТПР быў абраны дасведчаны паляўнічы Анісім Іванавіч Балотнікаў. У той час на ўліку Шаркаўшчынскага БТПР налічвалася 276 паляўнічых і рыбаловаў.

Прыгожы Шаркаўшчынскі раён размешчаны ў заходняй частцы Віцебскай вобласці. Прырода шчодра адарыла яго багатымі лясамі, якія займаюць 19 працэнтаў усёй тэрыторыі. Паляўнічыя ўгоддзі з вялікай колькасцю розных звяроў і птушак складаюць 70 тысяч гектараў, 11 зарыбленых азёр агульнай плошчай 471 гектар і  сусветна вядомы гідралагічны заказнік “Ельня”. Праз раён з захаду на ўсход працякае прыгажуня рака Дзісна з прытокамі Мнюта, Бярозаўка, Янка. Таму паляванне і рыбалка для шаркаўчан не проста захапленне, але крыніца натхнення, маляўнічыя краявіды шаркаўшчынскага края робяць такое баўленне часу бясцэнным!

На 1 жніўня 2021 года ў  Шаркаўшчынскім БТПР налічваецца 233 члены таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Дырэктарам калектыву ў 2017 года быў абраны Алег Аляксандравіч Селях — дасведчаны паляўнічы-прафесіянал з вялікім стажам. Дапамагаюць яму ў працы паляўніцтвазнаўца Уладзімір Капашынаў, егеры — Валерый Марцінкевіч, Віктар Паляк, Алёна Рачыцкая, бухгалтар Наталля Седзюкевіч. Пад іх кіраўніцтвам паляўнічыя Шаркаўшчынскага БТПР у мінулым годзе пабудавалі 24 падкормачныя пляцоўкі і кармушкі для ласей, аленяў, касуль, 21 стацыянарную і 7 пераносных вышак, 5 прыпыначных пунктаў. Уладкавалі 15 стралковых ліній і пасеялі 7 гектараў кармавых палёў. Эканоміка атрымалася ўзаемавыгадная. Акрамя льготных паляўнічых пуцёвак, актыўныя ўдзельнікі таварыства на замацаваных паляўнічых угоддзях здабылі 42 ласей, 10 асобін аленя высакароднага, 93 касуль, 222 баброў, а са шкодных відаў звера  — 470 лісіц і 11 ваўкоў.

330

За мінулы год даходы Шаркаўшчынскага БТПР склалі 169 тысяч 737 рублёў пры плане 137 тысяч 973 рублі. Лясныя ўгоддзі нашага раёна наведалі 52 замежныя паляўнічыя.

У 2017 годзе Шаркаўшчынская БТПР выйграла конкурс і атрымала права на закупку 50 асобін высакародных аленяў. Праз тры гады пасля таго, аленей вытусцілі на волю, яны размножылася да 140 асобін.

На пяці паляўнічых дачах, замацаваных за калектывамі, актыўныя члены таварыства ўносяць уклад у добраўпарадкаванне сваёй тэрыторыі. Адны дапамагаюць засяваць падкормачныя палі аўсом і рапсам, іншыя ладзяць саланцы і кармушкі з рулонамі сена, трэція будуюць паляўнічыя вышкі. Па вядзенні паляўнічай гаспадаркі лепшымі ў раёне лічацца Більдзюжская і Германавіцкая  паляўнічыя дачы. Актыўным паляўнічым, пры пэўным ладзе вядзення біятэхнічных мерапрыемстваў і паляпшэнні кармавых і ахоўных умоў для дзічыны ў замацаваных за імі ўгоддзях, даюцца льготныя пуцёўкі на паляванне, ёсць і іншыя прывілеі, асабліва  брыгадзе па адстрэле ваўкоў.

Шаркаўшчынскае БТПР дае поўны пакет паслуг па арганізацыі і правядзенні палявання на тэрыторыі гаспадаркі, пачынаючы ад выдачы пуцёвак на права ўдзелу ў паляванні і заканчваючы апрацоўкай трафея. Для замежных грамадзян прадугледжана аказанне дадатковых паслуг (ад дапамогі ў афармленні візы да падрыхтоўкі пакета дакументаў па ўвозе і вывазе зброі і сабак). Для прыезджых гасцей пры Доме паляўнічага ў Шаркаўшчыне маюцца спальныя пакоі на восем чалавек, сталовая, санітарны вузел. На двары размешчана ўтульная альтанка, дзе можна прыемна адпачыць на свежым паветры пасля ўдалага палявання, прыгатаваць шашлык.

На працягу трох мінулых гадоў Шаркаўшчынскае БТПР займае трэццяе месца па выніках работы сярод раённых арганізацыйных структур . Сведчаннем таму — шматлікія ўзнагароды, якія ўпрыгожваюць Дом паляўнічага.

322

Сучаснага паляўнічага прыцягвае магчымасць абзавесціся паляўнічымі трафеямі (рогі, іклы, чарапы дзічыны). Незвычайныя паляўнічыя сувеніры, вырабленыя з выкарыстаннем яго асабістых трафеяў, дабытых на паляванні і рыбнай лоўлі, удала афармляюць мясцовыя ўмельцы М. В. Пяткевіч, В. А. Русачонак. Серыя такіх трафеяў, а іх у Шаркаўшчынскім БТПР шмат, мы можам назіраць на бачных месцах у Доме паляўнічага, а лепшыя з іх занесены ў “Трафейную кнігу Беларусі”. Атрыманыя за апошнія чатыры гады ўзнагароды (кубкі, граматы, дыпломы), дазваляюць меркаваць аб узроўні вядзення паляўнічай гаспадаркі.

Акрамя кіраўніцтва арганізацыйнай структуры Шаркаўшчынскага БТПР хочацца адзначыць і шчыра павіншаваць з векавым юбілеем усіх членаў таварыства, асабліва ветэранаў, а таксама актыўных паляўнічых, рыбаловаў, якія пастаянна падтрымліваюць свае паляўнічыя дачы, вадаёмы ў добрым стане і клапоцяцца аб павялічэнні пагалоўя звера, размнажэнні рыбы. Каб стаць паляўнічым ці рыбаловам, трэба шмат чаму навучыцца, бо гэта напружаная і нярэдка небяспечная праца. Заўсёды трэба памятаць, што любоў да прыроды ўласціва толькі нам, людзям. Толькі чалавек — паляўнічы, рыбалоў — як ніхто іншы зацікаўлены ў захаванні багацця нашай прыроды.

М. КУКУЦЬ, старшыня савета Шаркаўшчынскага БТПР.

Фота Сяргея РАЙЧОНКА.