20 студзеня больш чым у 40 краінах свету будзе святкавацца Сусветны дзень снегу. Беларусь ужо традыцыйна далучыцца да гэтага свята. Асноўныя мерапрыемствы будуць арганізаваныя ва ўсіх абласных цэнтрах і Мінску. Каардынатарам выступае «Беларускі лыжны саюз», афіцыяльным партнёрам — Дзіцячы Фонд ААН ЮНІСЕФ, таксама ініцыятыву падтрымала Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і рэгіянальныя ўпраўленні па фізкультуры і спорце. Асаблівасцю святкавання ў Беларусі стаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні свята школьнікаў і студэнтаў. Менавіта дзеці з’яўляюцца асноўнай аўдыторыяй, на якую арыентавана мерапрыемства. А праходзіць яно будзе пад дэвізам «Вярнём дзяцей на снег». Таксама святочныя мерапрыемствы будуць арганізаваны больш чым у 120 гарадах і раённых цэнтрах Беларусі. Не стане выключэннем і Шаркаўшчына. Пра мерапрыемствы, якія адбудуцца ў межах свята, нам расказаў начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Леанідавіч Каплуноўскі.
— У межах свята ў нашым раёне 19 студзеня на базе Шаркаўшчынскай сярэдняй школы №1 пройдуць спаборніцтвы па лыжных гонках сярод школьнікаў. Пачатак запланаваны на 11 гадзін. А 20 студзеня будуць праводзіцца спаборніцтвы па міні-футболе на снезе сярод калектываў фізічнай культуры. Барацьба разгарнецца у 10 гадзін на новым стадыёне, на якім падрыхтаваны 3 пляцоўкі. А ў 14 гадзін запрашаем усіх шаркаўчан на гарадскі каток на святкаванне дня снегу. Арганізатарам свята выступаюць аддзелы культуры і фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама. Прыходзьце — не пашкадуеце.
Андрэй БУРЭЦ
