Гісторыя і сучаснасць. Падборка матэрыялаў, прысвечаная 50-годдзю Глыбоцкіх электрычных сетак

Актуальное

калектыў Шаркаўшчынскага РЭСа

Так усё пачыналася

Філіял “Глыбоцкія электрычныя сеткі” РУП “Віцебскэнерга” аб’ядноўвае шэсць раёнаў заходняй часткі Віцебскай вобласці: Браслаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Міёрскі, Пастаўскі і Шаркаўшчынскі. Персанал яго займаецца эксплуатацыяй ліній электраперадачы напружаннем ад 0,4 да 750 кілавольт, а таксама трансфарматарных падстанцый 10—110 кВ. У выніку напружанай зладжанай працы работнікаў спецыялізаваных службаў філіяла забяспечваюцца электраэнергіяй насельніцтва, сацыяльныя аб’екты, прамысловыя і сельгаспрадпрыемствы дадзенага рэгіёну. Калектыў структурнага падраздзялення ― Шаркаўшчынскага РЭСа ― разам з амаль васмюстамі работнікамі філіяла таксама адзначае круглую дату. Юбілей ― добрая нагода для таго, каб азірнуцца назад і прасачыць за развіццём і станаўленнем у нашай мясцовасці электразабеспячэння, без якога немагчыма ўявіць сённяшняга жыцця. Таму напачатку прапануем чытачам невялікі экскурс у мінулае. Сабраны з розных крыніц матэрыял хоць і спецыфічнага характару, але, думаем, цікавы.

Па звестках, перадгісторыя мясцовых электрасетак пачынаецца з дарэвалюцыйных часоў, калі ў 1912—1913 г.г. на рацэ Мнюта буйны землеўладальнік і

кляпаная апора ў Лужках і сёння надзейна служыць энергетыцы

дальнабачны інжынер граф Вітберт-Плятнер для патрэб свайго маёнтка, спіртзавода і мястэчка ўстанавіў на млыне турбіну з электрагенератарам і пабудаваў ад яе электрычныя лініі. У хуткім часе была ўстаноўлена яшчэ адна турбіна. Абсталяванне для гідрастанцый было закуплена ў Англіі. Граф планаваў будаўніцтва трэцяй электрастанцыі, якая праектавалася на два, больш магутныя генератары, але здзейсніць задуманае і даць электрычнасць гораду Дзісна, мястэчкам Шаркаўшчына, Глыбокае перашкодзіла Першая сусветная вайна і рэвалюцыя, як апавядаецца ў кнізе А. А. Тарыкава “Зарніцы ў глыбінях азёр”.

Такім чынам, жыхары Гарадца і Лужкоў сто гадоў таму першымі ў акрузе ўбачылі, як свецяцца электрычныя лямпачкі, карысталіся электрычнай энергіяй. Пры панскай Польшчы (1921—1939 г.г.) гідраэлектрастанцыі працягвалі працаваць, і лініі былі падведзены таксама да некаторых бліжэйшых вёсак. Абсталяванне гідрастанцый заставалася ў рабочым стане да канца 50-х.

У сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя пачала працаваць Глыбоцкая электрастанцыя, на якой выкарыстоўваўся паравы сілавы агрэгат фірмы “Цагельскі”, які праз дзесяціметровы пас круціў генератар магутнасцю ў 95 кВт.

Напрыканцы 30-х была пабудавана і невялічкая гідраэлектрастанцыя на рацэ Янка, каля Шаркаўшчыны. Вада круціла турбіну, і выпрацоўваўся электрычны ток. А калі рака мялела, выкарыстоўваўся паравы кацёл.

Таксама пры Польшчы ў акрузе працавалі электрастанцыі невялікай магутнасці, якія забяспечвалі энергіяй некаторыя населеныя пункты і маёнткі буйных памешчыкаў.

Больш сур’ёзна электрыфікацыя пачала ўкараняцца ў 50-я гады, калі ў першую чаргу ў раённых цэнтрах пачалі выкарыстоўваць цеплавыя аўтаномныя крыніцы электрасілкавання. У 1950 годзе ў Глыбокім устанавілі лакамабіль магутнасцю 120 к. с., а праз пяць гадоў і дызель на 500 к. с. Да 1959 года самай буйнай генерыруючай арганізацыяй у акрузе стала Глыбоцкая аб’яднаная электрастанцыя. У яе склад уваходзілі станцыі г. Глыбокае, г. п. Пліса, Падсвілле, Докшыцы.

Летам 1952 года на беразе возера Дрысвяты беларусы, літоўцы і латышы пачалі будаўніцтва гідраэлектрастанцыі “Дружба народаў”, і праз год яна дала першы электрычны ток. А праз тры — запрацавала другая ― Браслаўская ГЭС, пабудаваная на р. Друйка, у 1961 годзе трэцяя ― “Шлях да камунізму” з турбінай магутнасцю 320 кВт. Гідрастанцыі злучылі электрычнымі лініямі, і ў Браслаўскім раёне пачала працаваць энергасістэма мясцовага значэння.

У Міёрскім раёне тым часам на знакамітым вадаспадзе ракі Вята была пабудавана Міёрская ГЭС і ўстаноўлены дызельныя электрастанцыі ў гарадах Дзісна і Міёры.

У 1955 годзе ў Паставах адбыўся пуск энергацягніка магутнасцю 500 кВт, які працаваў на вугалі, а ў 1958 — у Пастаўскім раёне пушчана ў эксплуатацыю ГЭС “Зара камунізму”на рацэ Галбіца. Неўзабаве ўстанаўліваецца ў Паставах энергацягнік са значнай магутнасцю ― 3000 кВт і цераз Варапаева злучаюцца крыніцы электраэнергіі Пастаўскага і Глыбоцкага раёнаў, утвараюцца мясцовыя электрасеткавыя раёны.

першынец энергетыкі Глыбоччыны - ГЭС "Гарадзец" у маёнтку графа

Як гэта было

(З успамінаў Мікалая Уладзіміравіча Кармана, былога дыспетчара РЭС)

― З 1939 г. і падчас Вялікай Айчыннай вайны электразабеспячэнне Шаркаўшчыны ажыццяўлялася ад энергаўстаноўкі млына Чырвоны Двор, дзе стаяла турбіна і газагенератар магутнасцю 35 кВт. У кастрычніку 1951 года ўведзена ў эксплуатацыю электрастанцыя вытворчага камбіната з лакамабілем магутнасцю 50 кВт і напружаннем 400 Вольт. На выхадзе стаяла мачтавая павышаючая падстанцыя на напружанне 6 кВ, а ў раёне сённяшняга РДК ― паніжаючая. У 1956 годзе ў г. п. Шаркаўшчына ўведзена ў дзеянне перасоўная дызельная электрастанцыя магутнасцю 100 кВт. Пасля службы ў арміі я прыйшоў туды працаваць. У 1957 годзе электрастанцыя і лініі электраперадачы былі перададзены Упраўленню Маладзечненскіх электрасетак. З ростам энергавыкарыстання ўзнікла неабходнасць у павелічэнні магутнасці электрастанцыі, і ў 1957 годзе на ёй дадаткова ўстанавілі два танкавыя рухавікі магутнасцю па 150 кВт. У сувязі з ліквідацыяй Маладзечненскай вобласці у 1959 годзе электрычныя сеткі Шаркаўшчыны перададзены ва ўпраўленне Віцебскага “Аблэнерга”, якое размяшчалася ў Полацку. У 1960 годзе пабудавана падстанцыя 35/10 кВ “Шаркаўшчына” і паветраная лінія з Глыбокага напружаннем 35 кВ, у выніку чаго Шаркаўшчына атрымала электраэнергію ад аб’яднанай электрастанцыі “Глыбокае” і Пастаўскага энергацягніка № 5 ― ад мясцовых крыніц сілкавання. У гэтым жа годзе былі ўзноўлены лініі па гарпасёлку. Шаркаўшчынская электрастанцыя ў Ракаўцах была канчаткова спынена ў 1961 годзе. Узнікла неабходнасць электрыфікаваць сельскія населеныя пункты. Яе праводзіла “Райсельэнерга”. Падвялі лінію да вёскі Гарбуны і далей ад яе.

(З успамінаў Фёдара Мікалаевіча Бондара, былога вадзіцеля аператыўна-выязной брыгады РЭС)

― Гарэлі ва ўсіх хатах керасінавыя лямпы: пяты нумар ― гэта маленькія, восьмы — таксама былі, а ў багацейшых ужо адзінаццаты, якія больш давалі святла. Электрычнае святло з аднаго канца Шаркаўшчыны з’явілася напрыканцы 30-х гадоў, пры Польшчы. Святло падавалася ад млына, што працаваў на Янцы. Вада там круціла турбіну, і быў паравік. Шэсць класаў я скончыў у 1944-м годзе, і якраз жа вызвалілі Шаркаўшчыну ад немцаў, і нас усіх ― некаторых прама са школы —забралі на Урал, нібыта вучыцца ў ФЗО. Мяне там залічылі ў электрыкі. Былі разам з Шаркаўшчыны Нікадзім Салачонак і Мікалай Татаровіч. Так там набывалі спецыяльнасць.

былы млын у Чырвоным двары

Жыццё і манцёрскі лёс

(Размова з Дзмітрыем Архіпавічам Жданковічам, былым электраманцёрам РЭС)

― У 1952-м годзе падлеткам я ўжо працаваў на электрастанцыі, што размяшчалася на тэрыторыі вытворчага камбіната ў Шаркаўшчыне, размешчанага ў Ракаўцах. На камбінаце была ўстаноўлена паравая машына і з ёй генератар магутнасцю 57 кВт, якім круцілі прэс, ― гліну фармавалі для цэглы. Таксама ж ад электрастанцыі сілкавалася піларама, і ў пасёлак ішло святло. Пакуль нагрузка па Шаркаўшчыне была маленькая, то разам пілаваліся дошкі і асвятляліся хаты шаркаўчан.

— Лакамабіль быў пастаўлены годам раней, і калі вы прыйшлі, на ім працавалі людзі. Хто гэта былі?

― Мікалай Карман, Пётр Кукоўскі працавалі электраманцёрамі. Машыністам быў з Жукоўшчыны стары ўжо дзед. Ён пры Польшчы ў прыватнікаў рабіў на лакамабілях. У Чырвоным Двары быў млын, стаяў газагенератар, і Ігнат Раковіч на ім рабіў. Ён быў сапраўдным машыністам, не тое што… Як вады збярэцца, яна круціць млын, а як няма ― “качагарыць” рухавік. Вайной млын узарвалі ці то партызаны, ці яшчэ хто. Я схадзіў тады паглядзець ― скляпаны быў газагенератар…

— У чым заключалася ваша праца?

— У мае абавязкі ўваходзіла заглушыць машыну, пачысціць, заправіць саляркай, зліць адстой, а раніцай завесці і зноў грамыхаць. Там ад электрарухавіка працаваў кампрэсар, закачваў у балон паветра, і гэтым сціснутым паветрам машына запускалася. Адкручваеш паветраны вентыль, даеш газу… І трэба было так разлічыць, каб многа паветра не выпусціць, а то раз, другі, а чым круціць будзеш пасля? Тады завадзі чым хочаш. І ахалоджванне было ў яго камбінаванае, стаяў у акне радыятар, круціўся перад ім вентылятар, а на вуліцы была вялікая бочка. Пакуль не нагрэецца, вентылятар не ўключаеш. А яшчэ трэба было распаліць печ. Кацёл з вадой стаяў, вада кіпіць, пара ідзе і круціць рухавік. Верціцца цераз махавое кола (цераз такі рамень) генератар. Электрастанцыя падпарадкоўвалася дырэктару прамкамбіната, але над самой станцыяй быў свой начальнік ― Эдуард Гірстун.

— І па ўсёй Шаркаўшчыне былі лініі?

— Не, толькі ад Ракаўцаў і бліжэй. Гэта ўжо потым трансфарматар паставілі на беразе Дзісны, ля белай царквы, ён быў паніжаючы, а ў прамкамбінаце стаяў павышаючы невялікай магутнасці. Спажыўцоў электрычнай энергіі ў Шаркаўшчыне станавілася ўсё больш і больш. Другі паніжаючы трансфарматар у пасёлку ўстанавілі непадалёку ад аптэкі, і на яго пачалі “чапляць” левы бок ля ракі.

— Дык пяць гадоў толькі на адным баку ракі была электрычнасць у шаркаўчан?

— Так і было. І па Шаркаўшчыне тады акрамя электрычных лямпачак нічога ў хатах не падключалася.

— А як падавалі напружанне?

— На вечар, да 12-ці гадзін ночы, а тады мы гасілі топку, спынялі лакамабіль. Ноч ён стаяў, а прыйдзем раніцай, вычысцім, вымецем усё чыста, зноў распальваем у гадзіны чатары ці а палове пятай, каб паспець нагнаць тэмпературу. Раніцай у горад святло не падавалася, а пачалі падаваць яго з 1956-га года, калі паставілі дызель.

— Дызель таксама ўстанавілі на вытворчым камбінаце?

— Так, і гэта быў танкавы рухавік, зрабілі для яго прыбудову ля электрастанцыі. Ён быў 500-сільны на танку, але не выцягнуў 500, зношаны, адсунулі яму рэгулятар на 300. Належыў дызель ужо “Райсельэнерга”, і працаваў настолькі гучна, што чувалася ў мяне дома ў Краўчонках. А на працы праз грукат адзін аднаго з крыкам амаль не чулі. А спякота ля яго такая, што ў камбінезоне ледзь трываеш.

— Дзмітрый Архіпавіч, а ў выхадныя дні ці падавалася электрычнасць шаркаўчанам?

— Абавязкова. У 1956-м годзе ў “Сельгастэхніцы” была ўстаноўлена электрычная машына, якую называлі каталізатар, і належыла яна “Сельэнерга”. Яна запускалася ад шара. Награваеш лямпай шар, крутанеш ― хлоп-хлоп-хлоп ― і панёс ён. Ад каталізатара давалі святло на Чырванадворскую вуліцу і вечарам, і раніцай. У 1959 годзе, калі я ад’язджаў па камсамольскай пуцёўцы ў Караганду, на прамкамбінаце заставаліся лакамабіль, які ўжо не мог працаваць, 300-сільны танкавы дызель і перасоўная станцыя ПС-60, хоць яе нікуды не перасоўвалі, таксама з дызелем, казалі, знятым з ваеннага кацера. І працавалі яны па чарзе.

— А што вы можаце сказаць пра лініі таго часу?

— Нізкавольтныя лініі былі чатырохправодныя з меднымі правадамі на драўляных стойках. Крыху пазней такая лінія была пабудавана ад Шаркаўшчыны да вёскі Лонск. А на высакавольтных лініях падвешваліся медныя правады сячэннем 25 міліметраў. Калі трэба было, узнімаліся на слупы ў асноўным Мікалай Карман і Пётр Кукоўскі.

У складзе Глыбоцкіх электрасетак

30 снежня 1962 года стаў знакавым для Глыбоцкіх электрасетак. У гэты дзень уключаецца паветраная электралінія напружаннем 110 кілавольт Полацк—Глыбокае, па якой паступіла электраэнергія ад Беларускай энергасістэмы.

15 студзеня 1963 года ўтвараецца Глыбоцкі раён электрычных сетак з функцыямі прадпрыемства. У раённых жа цэнтрах арганізуюцца яго ўчасткі. У склад Глыбоцкага РЭС прымаюцца і Шаркаўшчынскія электрычныя сеткі з падстанцыяй 35/10 кВ “Шаркаўшчына”. Начальнікам участка прызначаецца М. І. Строд.

Электраэнергетыка, як вызначальная галіна, прызваная рухацца наперадзе развіцця прамысловасці і ўзнікаючых новых сацыяльных патрэб, ужо не ведала застою, упэўнена ўзяўшы курс толькі на апярэджанне.

Пачынае бурна праходзіць электрыфікацыя ў сельскай мясцовасці і новы этап якаснага развіцця электрасеткавай гаспадаркі ― развіццё электраперадачы на напружанні 110 кілавольт. Для гэтага бесперапынна, кожны год, будуюцца, уводзяцца ў строй новыя лініі і падстанцыі высокага напружання ў райцэнтрах, а некалькі пазней ― у іншых вузлавых кропках раёнаў, ― гэтак як у Шаркаўшчынскім раёне ў Лужках і Іёдах. Для надзейнасці электразабеспячэння ўтвараецца кола высакавольтных ЛЭП Полацк—Міёры—Браслаў—Паставы—Глыбокае—Полацк.

На працягу чатырох-пяці гадоў кожнай вёсцы з колькасцю дзесяць і больш двароў было пададзена электрычнае напружанне. Некаторыя вяскоўцы (і па няведанню, і таму што пэўную суму грошай трэба было плаціць) напачатку адмаўляліся ад электрыфікацыі сваіх хат.

заняткі ў класе тэхнічнага навучання

Шлях да прафесіі

Памятаю, як у Сталіцы па хатах кватаравалі літоўцы. Ведаў імя кожнага з іх, якое заканчвалася абавязкова на “с”. Гэта былі будаўнікі электрычных ліній. Ішоў 1965-ты год, і мне было 9 гадоў. Бацькі ж дома не было, ён таксама будаваў тады першапачатковыя электрычныя лініі ў нашых Беляях, Савутках, а калі прыязджаў дадому, сустракаўся з літоўцамі, і, вядома, яны разумелі адзін аднаго як электраманцёры. Думаю, менавіта таму ў нашай хаце захоўваліся скрынкі з ролікамі, выключальнікамі, разеткамі, праводкай, і ад гэтых матэрыялаў зыходзіў, мне здавалася, своеасаблівы прыемны пах.

Назіраў, як капаліся ўручную ямы пад высакавольтныя апоры, — глыбокія, з прыступкамі. Месцамі ляжалі прывезеныя бетонныя стойкі. Для высакавольтнай лініі — круглыя, па 13 метраў даўжынёй.

Былі ўжо добрыя прымаразкі, калі вучні Сталіцкай васьмігодкі выйшлі капаць траншэі пад кабель у двух месцах перасячэння высакавольтнай лініі з лініяй радыёфікацыі. Капалі старшакласнікі і мы, малодшыя, таксама разам з імі, каб прыспешыць уключэнне электрычнасці.

Напружанне было пададзена снежаньскім вечарам. Па вуліцы там-сям на слупах засвяціліся ў ліхтарах лямпачкі. Хутчэй за ўсё ў хаце не было стандартных засцерагальнікаў, і бацька нешта падхімічыў на “жучках”. Загарэлася лямпачка. Так бачна, светла стала ў пакоі! Я з братам былі ўжо ў ложку, ды які там сон?! Да паўночы, напэўна, не спалі. Гэта ж такі цуд!

На заробленыя на траншэях вучнямі грошы быў куплены для школы тэлевізар і пастаўлены ў калідоры ў шафе. Вечарамі школьнікі збіраліся глядзець яго. Памятаю застаўку “Intervision” з урачыстай музыкай, кінафільм “Маёр Віхар”. “Сняжыць”, — так гаварылі пра якасць тэлебачання. А “сняжыла” гэтак, што мала што выяўлялася на маленькім экране “Тэмпа”. Усё роўна глядзелі, ― гэта ж было настолькі незвычайна!

Шаркаўшчынскім участкам пасля М. І. Строда пэўны час кіраваў шаркаўчанін Леў Новікаў, яго змяніў Уладзімір Рачкоўскі з Глыбокага (пасля адпрацаваў больш за 30 год начальнікам Глыбоцкага РЭС). Участак перайменавалі ў РЭС у 1966 годзе.

Наступны этап ― электрыфікацыя фермаў, майстэрняў, піларамаў, і ён быў паспяхова завершаны ў пачатку 70-х. Адначасова дабудоўваліся нізкавольтныя лініі да маленькіх вёсачак і хутароў. Патрабавалася электрыфікацыя новых вытворчых аб’ектаў, якія будаваліся на сяле. Ды і ў райцэнтрах шырока вялося будаўніцтва, напрыклад, у Шаркаўшчыне школа № 1, хлебазавод, магазіны, Дом Саветаў, першыя пяціпавярхоўкі і г. д. Жыццё, як кажуць, працягвалася.

Іёдская рамонтна-эксплуатацыйная брыгада ў складзе А. Б. Лаўрыновіча (майстар), Я. В. Міронава (брыгадзір), С. С. Седзюкевіча (вадзіцель-электраманцёр), М. П. Ерахновіча і А. І. Рамановіча (электраманцёры) праводзяць рамонт нізкавольтных сетак на ферме Пялікі ААТ “Даватарскі”

Прызванне ёсць — прызванне энергетыка

Развіццё вытворчасці і сельскай гаспадаркі патрабавала ад энергетыкаў уводу новых магутнасцяў і развіцця сеткавай інфраструктуры, ― павялічвалася працягласць паветраных ліній, колькасць трансфарматарных падстанцый розных узроўняў напружання. Няспынна праводзілася ды і зараз працягваецца работа па ўкараненню сучаснага абсталявання, аўтаматыкі і рэлейнай засцярогі. Вядома, работа ліній залежыць ад метэаўмоў. Моцныя вятры, навальніцы, наліпанне снегу на правады і галалёд, якія прыводзяць да пашкоджання, энергетыкі не ў стане прадухіліць. Аднак жа колькі розных мерапрыемстаў праведзена для ўстойлівай работы ліній у неспрыяльных умовах! Тэрыторыя абслугоўвання электрасетак з-за асаблівасцяў размяшчэння ўносіць свае нюансы. Так з-за дзейнасці баброў, якія валяць на лініі дрэвы, з-за гнездавання птушак, што скідваюць галінкі на электраабсталяванне, таксама адбываюцца адключэнні, і таму прымаюцца розныя захады. Калі сёння будуюцца лініі, то абавязкова з ізаляванымі правадамі, ― больш надзейнымі і бяспечнымі. Гэта, магчыма, мала цікавіць спажыўцоў электраэнергіі, і наколькі няпроста ўсё даецца, вядома вузкаму колу спецыялістаў. Святкаванне юбілею праходзіць, калі можна так сказаць, без адрыву ад вытворчасці. Зараз усё абсталяванне электрычных сетак падрыхтавана для надзейнага сілкавання ў зімовы час. Для гэтага выкананы графікі рамонту асноўнага і дапаможнага абсталявання, зроблены ў неабходных аб’ёмах расчысткі прасек пад лініямі ў лясных палосах. Персанал укамплектаваны неабходнымі сродкамі засцярогі і прыстасаваннямі, спецвопраткай для работы ў зімовых умовах. У калектыве, у цэлым, пануе зладжанасць і здаровы мікраклімат.

В. М. Туронак - дыспетчар РЭСа

Ведаць і ўмець

Работнікі электрасетак ― людзі своеасаблівыя. Тыя, хто адпрацаваў у РЭСе хаця б пяць гадоў, абавязкова маюць адметную загартоўку і ўжо з паразуменнем і свядомасцю адносяцца як да электрычнасці, так і да слова “трэба”. Цераз электрычныя сеткі прайшлі сотні, а вытрымлівалі не ўсе. Аднак тыя, хто заставаўся, ― гэта сапраўды Людзі з вялікай літары. Іх стойкасці, прафесіяналізму, адказнасці можна толькі пазайздросціць.

Важная справа ― усталяванне добрых традыцый, іх захаванне і пераймальнасць. Змяняюцца работнікі, прыходзяць маладыя і пераймаюць вопыт і “правілы паводзін” у старэйшых. Практычнай электраэнергетыцы ў ВНУ не навучаць, таму электрасеткі ― своеасаблівы ўніверсітэт, дзе тэорыя і практыка штодзённыя і неадрыўныя адно ад другога. Справа не толькі ў існаванні класа тэхнічнай вучобы, палігона і вучэбных дзён саміх па сабе. Практычныя прыёмы, спосабы і метады напрацаваны і шліфаваліся дзесяцігоддзямі. Даверыць электраманцёру выканаць самастойна любую работу можна, калі ён адпрацаваў хаця б тры гады і з поспехам прайшоў праз экзамены розных накірункаў. Некалі і сам вучыўся адносінам да працы, прынцыповасці, уменню вылучаць сутнасць у былога галоўнага інжынера Глыбоцкіх электрасетак Валянціна Пятроўскага, галоўнага інжынера РУП “Віцебскэнерга” Генадзя Якаўлева. Вучыцца ― пажаданне моладзі, з якой, безумоўна, звязваюцца нашы надзеі на будучыню.

Р. В. Ермаловіч - трактарыст-аператар бурыльнай машыны

На іх трымаецца арганізацыя

У артыкуле ж з нагоды пяцідзесяцігадовага юбілею Глыбоцкіх электрасетак, у першую чаргу, хочацца выказаць удзячнасць і пашану да тых, хто адпрацаваў у РЭСе 25 год, 30 і больш, і хто працай сваёй унёс важкі ўклад як у развіццё электрасетак, так і павышэнне надзейнасці электразабеспячэння раёна. Яны прысвяцілі сябе энергетыцы, якая стала неад’емнай часткай жыцця і лёсам. Некаторых з іх, на жаль, няма побач, некаторыя на заслужаным адпачынку.

Ля вытокаў электрыфікацыі Шаркаўшчынскага краю стаялі былыя работнікі РЭСа Мікалай Карман, Дзмітрый Жданковіч. Пачаўшы з майстра Лужкаўскага ўчастка, Мікалай Баговіч з 1971 па 2001 год працаваў дырэктарам Глыбоцкіх электрасетак. Шаркаўшчынскім РЭСам кіравалі з 1966 па 1970 год Уладзімір Рачкоўскі, з 1970 па 1988 ― Георгій Валасюк. Галоўнымі іжынерамі РЭСа працавалі А. П. Качан (пасля ― дыспечар Глыбоцкіх электрасетак), Л. П. Новікаў (потым ― дырэктар мясцовага “Райсельэнерга”), В. А. Шарыпа (цяпер ― начальнік РЭСа), А. В. Праннік (сёння ― дыспетчар РДС). На працягу шматлікіх гадоў кіравалі ўчасткамі Георгій Шымуковіч у Лужках і Мікалай Падоба ў Іёдах. Дзяжурнымі дыспетчарамі побач з Мікалаем Карманом адпрацавалі Аляксандр Вярыга, Аляксей Талапіла, Валянцін Качан. Шмат гадоў аддалі рабоце ў электрасетках Веньямін Жынгель, Георгій Грыдзюшка, Уладзімір Каржэцкі, Міхаіл Гаркач, Іосіф Абрамчык, Расціслаў Грыдзюшка, Наталля Шымуковіч з Лужкоў, Іван Сільчонак і Вялянцін Яблонскі з Іёдаў, шаркаўчане Фёдар Бондар і Пётр Новікаў, Дзмітрый Жданковіч і Алег Аўсюкевіч, Аліна Вашыткевіч і Раіса Мядзелец, Віналь Седзюкевіч і інш.

У калектыве працягваюць працаваць ветэраны працы — В. А. Рачыцкі, Г. У. Курэц, А. М. Барсук, У. М. Сікора, А. П. Касарэўскі, В. М. Туронак, І. А. Чарняўскі.

Сотні і сотні кіламетраў ліній у раёне ўзноўлены брыгадай будаўнікоў БМУ-2 пад кіраўніцтвам майстра Генадзя Загаранкі, які жыве ў Новым Пагосце. Нізкі паклон яму і ўдзячнасць РЭСаўцаў.

Безумоўна, у нас паважаюць не толькі ветэранаў, без якіх не быў бы дасягнуты сённяшні ўзровень. У Глыбоцкіх электрасетках  цэняць кожнага работніка. Таму што толькі тады, калі калектыў з’яўляецца адным цэлым і працуе на агульны вынік, можна чакаць поспехаў.

«Вам гэта прозвішча пра што-небудзь гаворыць?»

У 2006 годзе да мяне ў кабінет увайшоў інтэлегентны мужчына гадоў на сорак. Ён сказаў, што прыехаў у Шаркаўшчыну з мэтай падключэння ўчастка паветранай лініі і трансфарматарнай падстанцыі да пабудаванай газаразмеркавальнай станцыі. Пасля прадставіўся:

― Строд,― і неяк ціха запытаў, ― яно пра што-небудзь вам гаворыць?

― Гаворыць, ― адказаў я. ― Строд ― гэта прозвішча першага начальніка Шаркаўшчынскага ўчастка электрасетак.

Заўважыў, наколькі прыемна было для яго пачуць гэта.

― Гэта мой бацька, які пахаваны ў Дзісне. А я вось ― займаюся будаўніцтвам аб’ектаў электразабеспячэння для газавікоў па ўсёй Беларусі…

Матэрыялы аб дзейнасці Глыбоцкіх электрасетак прадаставіў галоўны інжынер РЭСа Віктар ЛАГУН.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.

Віктар ЛАГУН

“СВЯТЛО ХАЙ БУДЗЕ!”

Г. В. Якаўлеву

Узнята валадарнае жазло.

Хаосу у Сусвеце недзе ўбудзе.

І першае, што сказана было:

“Святло хай будзе!”

Там, дзе імгненняў карацей гады,

На ростані бясконцых інтэрвалаў,

Над апраметнасцю віроў вады

Святло — паўстала!

Пачатак у святла як ёсць святы.

І як было ўсяму асновай Слова,

У кропельцы святла жывой вады —

Жыцця аснова.

…Ці помніць хто, што ёсць яны між нас, —

Высакароднаму аддадзеныя людзі,

Таму, што зводзіцца ў кароткі сказ

“Святло хай будзе!”

Не на паверхні ўзяць — здабыць з глыбінь

Магутныя энергіі патокі.

Цякуць ад генератараў-турбін

Электратокі.

І свеціцца надзеі цеплыня.

Няпроста дасягаецца надзейнасць.

Святло з цяплом надзённыя — штодня,

І непадзельны.

Не дзён сярод, — тады сярод начэй

На белым (ад святла ён белы) свеце

Нам з лямпачкі святло душы, вачэй

Чыіхсьці свеціць.



1 комментарий по теме “Гісторыя і сучаснасць. Падборка матэрыялаў, прысвечаная 50-годдзю Глыбоцкіх электрычных сетак

  1. C праздником Энергетиков! Безаварийной и безИсполкомовской , Вам, работы!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *