19 і 20 лістапада ў г. Наваполацку адбыўся юбілейны XV адкрыты рэспубліканскі конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало”. У ім удзельнічалі юныя вакалісты з 16 гарадоў Беларусі і Расіі. Са 116 пададзеных заявак быў адабраны 51 удзельнік. У лік фіналістаў пашанцавала трапіць і Дар’і Касцюкевіч — удзельніцы ўзорнага тэатра эстраднай песні “Маленькая фея” Шаркаўшчынскага раённага Цэнтра культуры. Яна выступала ў сярэдняй узроставай катэгорыі 11-13 год, дзе трэба было выканаць песні з мюзіклаў або кінафільмаў, а таксама шлягер. Дзяўчынка не разгубілася на вялікай сцэне, выступіла дастойна, атрымала бурныя апладысменты, выклікі “брава” і сімпатыі гледачоў.
Конкурс наведаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Журы ўзначальвала заслужаны дзеяч культуры краіны, мастацкі кіраўнік Цэнтра па падрыхтоўцы таленавітай моладзі імя Уладзіміра Мулявіна Святлана Стацэнка. У склад журы ўваходзілі кампазітары і зоркі беларускай эстрады. Конкурс прайшоў на высокім узроўні. Гэта можна было бачыць па арганізацыі яркага і відовішчнага мерапрыемства і ў падрыхтоўцы яго ўдзельнікаў. Кампазітар Алег Елісеенкаў (член журы) адзначыў, што конкурс адпавядаў узроўню добрага міжнароднага дзіцячага фестывалю. Ён стаў стартавай пляцоўкай для многіх беларускіх спевакоў, у тым ліку для Наталлі Падольскай і Пятра Ялфімава.
На прэс-канферэнцыі судзейская каманда дала агульную адзнаку конкурсу. Усе яго ўдзельнікі атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі ад прадпрыемстваў і арганізацый горада. Гран-пры заваявала 15-гадовая канкурсантка з Магілёва.
У заключэнні адбыўся гала-канцэрт, які пакінуў незабыўныя ўражанні. Конкурс”Халі-Хало” стаў сапраўдным святам мастацтва і дзяцінства.
В. ШУМАН,
кіраўнік узорнага тэатра эстраднай песні “Маленькая фея”.