Ганаровай граматай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК узнагароджана Аксана Кудраўцава

Прафсаюзы Сельское хозяйство

Таццяна Ярома і Аксана Кудраўцава

У час прыезду старшыні абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Таццяны Анатольеўны Ярома ў наш раён яна наведала МТФ “Наваселле” ААТ “Агратэхсэрвіс”. Нагодай для гэтага стала ўручэнне Ганаровай граматы, грашовай прэміі і каштоўнага падарунка перадавому аператару машыннага даення Аксане Кудраўцавай за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву.
Жанчына свядома абрала жыццё і працу на сяле. Аператарам машыннага даення працуе ўжо адзінаццаць год. У яе заўсёды высокія паказчыкі па надоях малака. У гурце Аксаны ўтрымліваецца 52 галавы жывёлы. Валавы надой малака за 10 месяцаў бягучага года склаў 247 тон. Сярэдні надой на адну карову — 5134 кілаграмы.
— Сваю працу я люблю, — кажа Аксана, — з душой адношуся да жывёлы, бо ў нашай рабоце па-іншаму нельга. Заўсёды з добрым настроем крочу на ферму, а пасля заканчэння даення спяшаюся дамоў, дзе мяне чакае мая сям’я.
Сяргей РАЙЧОНАК.