У Шаркаўшчынскай СШ № 2 прайшла экалагічная акцыя “Дапаможам птушкам зімой”

Актуальное

У межах праекта Еўрапейскага Саюза і ААН “Зялёныя школы” у рэспубліцы Беларусь у школах гарадскога пасёлка і раёна праходзіць экалагічная акцыя “Дапаможам птушкам зімой”. Пра тое, чым дапамаглі птушкам вучні Шаркаўшчынскай СШ № 2, нам расказала настаўніца біялогіі Аксана Паўлаўна Пачапко:

— Кожны клас нашай школы атрымаў даручэнне зрабіць кармушку для птушак. Дзеці з энтузіязмам узяліся за справу, у ажыццяўленні задуманага ім дапамагалі класныя кіраўнікі і бацькі. Кожны клас стараўся зрабіць прыгожую кармушку, і яны атрымаліся рознай канструкцыі, з розных матэрыялаў. Старанні дзяцей не засталіся незаўважанымі: лепшыя былі адзначаны падзякамі. Прыгожыя і арыгінальныя кармушкі зрабілі 2 “А”, 5, 7 “А” і “Б”, 8 “А” і “Б”, 11 класы. Усе кармушкі былі развешаны на прышкольнай тэрыторыі. Атрымаўся своеасаблівы зімовы сад, крылатыя наведвальнікі якога маюць магчымасць выбару: куды прысесці падмацавацца і чым паласавацца. Але мала толькі зрабіць, трэба яшчэ і рэгулярна напаўняць. Таму кожны клас сочыць, каб кармушка не стаяла пустая. Папярэдне было патлумачана, чым можна, а чым нельга карміць маленькіх крылатых сяброў. Апрача гэтага дзецям дадзена заданне назіраць за птушкамі, запісваць, якія віды прылятаюць, пры магчымасці сфатаграфаваць. А потым атрыманыя звесткі адаслаць у грамадскую арганізацыю “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Удзельнічаючы ў гэтай і іншых экалагічных акцыях, што праводзяцца ў нашай школе, дзеці вучацца беражлівым адносінам да навакольнага асяроддзя, з задавальненнем выступаюць у ролі абаронцаў прыроды.

Андрэй БУРЭЦ.
[nggallery id=15]



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *