
Як вядома, жывёлагадоўля дае 60 працэнтаў кошту ўсёй атрыманай сельгаспрадукцыі, 75 працэнтаў — выручка ад яе рэалізацыі. Пацікавіліся асноўнымі лічбамі, якія атрымалі ў ААТ “Ельня-Агра” за мінулы год. Прыбытак ад рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі склаў 1 мільярд 388 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць жывёлагадоўлі — 21 працэнт, у тым ліку малака — 34 працэнты.
Атрымаць высокапрадуктыўную жывёлу можна толькі тады, калі правільна падыходзіць да яе вырошчвання, пачынаючы ад нараджэння. Паўсюдна нованароджаных цялятак да 20-дзённага ўзросту даглядае даярка. Першыя дні ім выпойваецца малодзіва. Пры ўтрыманні ў клетачках яны забяспечваюцца соллю, мелам, аўсом. На мяккай падсцілцы, дзе суха і свежае паветра, цяляты хутка прыбываюць у вазе і не хварэюць. Наступны этап — жывёла пераводзіцца на дарошчванне.
Мы трапілі ў ААТ “Ельня-Агра” на ферму Зорка. Там, у жывёлагадоўчым памяшканні ўтрымліваюцца дзве групы цялят на дарошчванні. Адну — 113 жывёлін — даглядае Мікалай Зубко, другую групу — 150 жывёлін — нядаўна набралі для дарошчвання муж з жонкай Аляксандр Рагавы і Алёна Пучыла. Калі мы зайшлі ў памяшканне, даглядчыкі раздавалі сена, перад гэтым папаілі жывёлу. У кармушках ёсць соль, мел, авёс, выдаткоўваецца пойла. Жывёла ўтрымліваецца на глыбокай падсцілцы, таму трактарам выдаляецца гной па чарзе: спачатку там, дзе стаіць адна група цялят, затым там, дзе другая.
— У нас паморку практычна не бывае, — дзеліцца сваімі поспехамі Алёна Віктараўна. — Імкнёмся да гэтага, бо ўсё ў нашых інтарэсах, наш заробак залежыць ад гэтага.
Практычна ўсе работы на ферме выконваюцца ўручную, пачынаючы ад дастаўкі сена для кармлення. За фермай замацаваны двое коней, на якіх развозяць кармы цялятам. Дарэчы, нездарма ж так востра стаіць пытанне па рэканструкцыі і мадэрнізацыі жывёлагадоўчых ферм. Усё робіцца дзеля таго, каб механізаваць людскую працу.
— Большасць часу мы аддаем рабоце на ферме, — уключаецца ў размову Аляксандр Антонавіч. — Жывём побач — у вёсцы Зорка. Паспяваем і дзяцей у школу адправіць, і з хатняй гаспадаркай справіцца, бо ўсё выконваем разам. Дзяўчынкі Дзіяна і Вераніка ходзяць адна ў шосты, другая — чацвёрты класы Зоркаўскай базавай школы. Летам і яны прыбягаюць на ферму, каб дапамагчы бацькам.
Цяляткі добра прыбываюць у вазе, калі ім выдаткоўваецца якасны корм, суха і няма скучанасці ў памяшканні. Такога імкнуцца працаваць тутэйшыя жывёлаводы. Спачатку малыя цяляты утрымліваліся на прывязі, але гэты метад сябе не апраўдаў, цяпер свабодна ходзяць у адведзеным для іх памяшканні.
За студзень валавая прывага цялят у Мікалая Зубко склала 21 тону пры сярэднясутачнай — 512 грамаў. У сямейным падрадзе атрымана валавая прывага 26 тон, што на 5 тон больш папярэдняга года пры сярэднясутачнай — 481 грам.
Кацярына СОСНА.
Фота Аляксандра БАРЫЛЫ.
