Большасць дарослых людзей яшчэ ў дзяцінстве, юнацтве мараць аб будучай прафесіі, упэўнена крочаць да рэалізацыі сваіх жаданняў. Вось і Валянціна Канстанцінаўна Кузьмянкова таксама, будучы падлеткам, хацела стаць аграномам.
— Суседзі маіх бацькоў працавалі ў галіне агранаміі ў горадзе Міёры, дзе я нарадзілася, — кажа Валянціна Канстанцінаўна. — Гэта прафесія мне вельмі падабалася, яна мяне захапіла. Канечне, была магчымасць пасля заканчэння школы, маючы ў атэстаце сталасці толькі дзве чацвёркі, паступіць у прэстыжную ВНУ, але я спыніла свой выбар на Велікалуцкім сельскагаспадарчым інстытуце, які закончыла ў 1984 годзе. Размеркаванне атрымала ў Віцебскую вобласць. У абласным цэнтры мне прапанавалі працу або ў Шуміліне, або ў Браславе, або ў Шаркаўшчыне. Я выбрала апошні гарадскі пасёлак, бо знаходзіўся непадалёк ад бацькоўскага дому. У красавіку 1984 года стала працаваць начальнікам аддзела па ахове раслін райсельгасхіміі. У той перыяд спецыялісты аддзела Тамара Паўлаўна Каплуноўская і Яніна Казіміраўна Богуш пайшлі ў дэкрэтны водпуск. Мне прыйшлося адной выконваць вялікі аб’ём работы. Але я не скардзілася на цяжкасці, бо заўсёды адчувала надзейнае плячо падтрымкі начальніка райсельгасхіміі Мікалая Мікалаевіча Місюры і яго намесніка Барыса Вячаслававіча Зуя. Да таго ж і першы сакратар райкама КПБ Мечыслаў Часлававіч Сезянеўскі выдзеліў маёй сям’і (на той час я была замужам) кватэру ў цэнтры гарадскога пасёлка.
Добра памятаю, як на другі дзень сваёй працы мяне накіравалі ў саўгас “Гарадзец” ажыццяўляць кантроль над унясеннем удабрэнняў верталётамі. Там упершыню пазнаёмілася з будучым старшынёй райвыканкама Мечыславам Віктаравічам Морхатам. У той час ён з’яўляўся аграномам сельгаспрадпрыемства.
У сям’і падрастаў сын Андрэй, у 1985 годзе наша сям’я павялічылася — на свет з’явілася дачушка Алена. Пасля дэкрэтнага водпуску яшчэ некаторы час я працавала ў райсельгасхіміі, а потым аграномам-насенняводам у райсельгасхарчы.
У 2005 годзе кіраўніцтва райвыканкама прапанавала мне ўзначаліць раённую інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. На пасадзе кіраўніка ўстановы я змяніла Ірыну Аляксееўну Юнцэвіч. Спецыфіка работы тут аказалася для мяне не новай. Агранамічныя веды к таму часу ў мяне ўжо былі трывалыя і працоўны стаж, вопыт таксама адыгралі сваю станоўчую ролю. У маі сёлетняга года будзе 17 год, як я ўзначальвую інспекцыю.
Вельмі люблю перыяд пасяўной кампаніі, калі прырода абуджаецца ад зімовага сну, ажываюць лугі і палеткі, а ў прагрэтую сонечнымі промнямі глебу кладзецца насенне. Я і спецыялісты інспекцыі вядзём назіранні за вегетацыяй раслін, за пустазеллем, за шкоднікамі і інш. Зімой праводзім праверкі насення на вільготнасць, усходжасць, забруджванне, вядзём яго фітасанітарны кантроль. Асноўная наша функцыя — наглядная дзейнасць. Мы сочым, каб не змешвалася насення, кантралюем наяўнасць адпаведнай дакументацыі ў агранамічных службах сельгаспрадпрыемстваў. Таксама ажыццяўляем кантроль па нормах унясення сродкаў аховы раслін. Для якаснага правядзення аналізу насення ў інспекцыі ёсць усё неабходнае абсталяванне: тэрмастаты, сушыльныя шафы, аналітычныя шалі, зернямлын і іншае.
Калектыў наш невялікі. У адной сяброўскай камандзе працуюць аграном па ахове раслін Яніна Богуш, аграном па каранціне раслін Аляксандр Папко і два маладыя спецыялісты: Святлана Лысова і Наталля Лаўрыновіч.
Мы вельмі ўдзячны за сумесную плённую працу кіраўніцтву і агранамічным службам сельгаспрадпрыемстваў раёна. З імі заўсёды знаходзім узаемаразуменне, разам дасягаем станоўчых вынікаў.
12 лютага Валянціна Канстанцінаўна адзначыць свой юбілейны дзень нараджэння. З самага ранку будуць гучаць віншаванні ад блізкіх людзей, калег, суседзяў, сяброў і знаёмых. Суботнім вечарам за святочным сталом збяруцца яе родныя — дзеці і ўнукі, сястра, каб ад шчырага сэрца пажадаць юбіляру доўгіх год жыцця, трывалага здароўя, чалавечай любові і спагады.
Рэдакцыя раённай газеты таксама далучаецца да віншаванняў у адрас Валянціны Канстанцінаўны і зычыць ёй сустрэць у дружным сямейным коле яшчэ мноства юбілейных дзён нараджэння.
Сяргей РАЙЧОНАК.