Няпростую прафесію каваля абраў Аляксандр Малыш

Актуальное

У мехмайстэрнях сельгаспрадпрыемстваў пастаянна вядуцца рамонтныя работы. Добра, калі патрэбныя запчасткі пад рукой. А калі трэба апрацаваць якую дэталь шляхам коўкі? Тут на дапамогу прыходзіць каваль. Пацікавіліся, ці ва ўсіх гаспадарках раёна ёсць людзі такой прафесіі? Аказалася, што кузні ёсць практычна ў кожнай мехмайстэрні, а вось каваля — майстра па апрацоўцы металу коўкай, не ўсюды сустрэнеш. А ўсё таму, што кавальская справа — свайго роду мастацтва і не кожны мае да гэтага здольнасці. Коўка, кавальская зварка, ліццё, горанавая пайка, тэрмічная апрацоўка вырабаў — усё тое, што можа зрабіць каваль. Для гэтага ён павінен быць фізічна моцны, мець добры зрок, ідэальны вакамер, зрокавую памяць, здольнасць пераносіць высокія тэмпературы і жаданне працаваць па выбранай спецыяльнасці. Магчыма таму каваль — прафесія вельмі рэдкая і запатрабаваная.

Аб усім гэтым мы даведаліся, калі надарылася магчымасць пагутарыць з  кавалём ААТ “Ельня-Агра” Аляксандрам Іванавічам Малышам.

Заходзім у памяшканне кузні. Яна абсталявана ўсім тым, што патрэбна для работы: горан, пнеўматычны свідравальны станок, малая і вялікая накавальня, молаты.

Аляксандр Іванавіч прыйшоў на гэту пасаду невыпадкова. Хоць перш, чым стаць прафесійным кавалём, 15 гадоў адпрацаваў шафёрам у гаспадарцы. За гэтыя гады машына ад’ездзіла свой рэсурс, у далёкія рэйсы на ёй не было магчымасці ўжо ездзіць, а значыць, добра зарабляць. Тут Аляксандр Іванавіч задумаўся: “А ці не пайсці па прыкладу дзеда Іпаліта Іванавіча Сядлоўскага? Дзядуля да 83-гадовага ўзросту працаваў у тагачасным калгасе кавалём”.

— Яшчэ ў маленстве я “захварэў” гэтай прафесіяй, — расказвае Аляксандр Іванавіч. — Вельмі ганарыўся дзедам, калі той быў у майстэрні запатрабаваны. У кузні заўсёды тоўпіліся людзі. Пасля дзеда працаваў кавалём Уладзімір Сямёнавіч Сініца. Калі той пайшоў з жыцця, гэта месца пэўны час пуставала. Было гэта 17 гадоў таму назад. Менавіта з таго часу і працую ў кузні.

— Навыкі кавальскай справы, магчыма, зарадзіліся ў тыя далёкія часы, якія мы называем “Жалезным векам”. Тады практычна ўсе работы выконваліся на конях, таму іх шмат было ў прыватнікаў і ў гаспадарках. Кавалі рабілі падковы, займаліся падкоўкай коней. Зразумела, што дзед добра валодаў гэтым рамяством. А вы можаце падкову скаваць і каня падкаваць? — пытаем у суразмоўцы.

— Цяпер коней мала засталося ў гаспадарцы і іх практычна не падкоўваюць. А калі хто трымае на сваім падворку скакуна і захоча яго падкаваць, то спраўлюся з такой задачай, — адказаў субяседнік.

— Нам Аляксандр Іванавіч дапамагае пры рамонце сельгасмашын, — уключыўся ў размову галоўны інжынер гаспадаркі Пётр Пятровіч Толсцік. — Цяпер механізатары разам з кавалём робяць зубы да баронаў. А. І. Малыш рыхтуе клямары для будаўнікоў, для фермаў рамантуе ланцугі. Да веснавой сяўбы дапамагае рыхтавацца — варыць наскі для чызеляў, замяняе падшыпнікі ў катках сеялкі. Словам, каваль без работы ніколі не бывае і без яго ўдзелу ніводзін механізатар не абыходзіцца.

Кацярына СОСНА.

Фота Аляксандра БАРЫЛЫ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *