Шарковщина. Новости Шарковщины. Клiч Радзiмы. Клич Радзимы
Прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» разам з Зояй Аляксандраўнай Міхнюк
У Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме на належным узроўні наладжана работа па віншаванні з юбілейнымі днямі нараджэння, з дзяржаўнымі і прафесійнымі святамі сваіх былых работнікаў — ветэранаў працы. У сакавіку юбілей адзначыла Зоя Аляксандраўна Міхнюк, якая шмат год адпрацавала ў раённай бібліятэцы. Нарадзілася жанчына ў Шаркаўшчынскім раёне ў сям’і калгаснікаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы адразу пайшла працаваць бібліятэкарам у Навасельскую бібліятэку. Цяга да кніг і далейшай вучобы паспрыяла таму, што ў 1976 годзе Зоя Аляксандраўна патупіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя Пушкіна, які закончыла праз два гады. Атрымала сярэднюю спецыяльную адукацыю і кваліфікацыю бібліятэкара. Зоя Аляксандраўна ўвесь свой працоўны шлях прысвяціла бібліятэчнай справе. Узначальвала аддзел камплектавання і апрацоўкі літаратуры цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, аказвала практычную і метадычную дапамогу работнікам сельскіх бібліятэк. Потым працавала на пасадзе намесніка дырэктара ЦБС па рабоце з дзецьмі, распрацоўвала паказальныя мерапрыемствы. Для хлопчыкаў і дзяўчынак стварыла клуб сяброў прыроды “Расінка”, на пасяджэнні якога дзеці прыходзілі з вялікай ахвотай. Асабістае жыццё ў Зоі Аляксандраўны склалася паспяхова. Разам з мужам Мікалаем нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей. Кожны з іх знайшоў сваё дастойнае месца ў грамадстве. Дачка Вольга жыве і працуе ў Мінску. Сын Аляксандр з’яўляецца салістам Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Дачка Святлана — выкладчык Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. Павіншаваць Зою Аляксандраўну з юбілеем прыйшлі яе былыя калегі, члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Алена Фромертас і Таццяна Брандзіна. Яны ўручылі імянінніцы памятныя падарункі і кветкі. Бібіліятэкар Вера Мілянцей ад імя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы таксама павіншавала Зою Аляксандраўну. Імянінніца была вельмі ўзрушана такой увагай і падзякавала за памяць і ветлівыя адносіны да ветэранаў працы. Сяргей РАЙЧОНАК.Зоя Аляксандраўна прымала віншаванні і ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі бібліятэчнай сістэмы