Бібліобус дастаўляе кнігі сваім чытачам у аддаленых вёсках

Актуальное

пастаянны чытач "Бібліобуса": 83-гадовая Галіна Дзянісаўна Аляксеева з бібліятэкарам Ірынай Більдзюга

Што рабіць, калі хочацца чытаць, а бібліятэкі паблізу няма ці далёка ісці? У такіх выпадках жыхарам аддаленых і маленькіх вёсак нашага раёна на дапамогу прыходзіць «Бібліобус», ці як яго яшчэ называюць, «бібліятэка на колах». Прыкладна з перыядычнасцю раз на месяц наведваюць сваіх пастаянных чытачоў бібліятэкары Ірына Більдзюга і Наталля Сырцова. Каб даведацца пра літаратурныя густы сяльчан і іх адносіны да кніг, у вандроўку разам з «Бібліобусам» накіраваўся карэспандэнт раённай газеты.

Тое, што любяць сяльчане чытаць, становіцца зразумелым ужо з таго, колькі кніжак бяруць з сабой у паездку бібліятэкары. Увесь мікрааўтобус устаўлены пакетамі з рознымі выданнямі. Гэтым разам новымі кніжкамі бібліятэкары будуць радаваць чытачоў у Германавіцкім сельсавеце.

Першы прыпынак у невялікім населеным пункце з дзіўнай назвай Кукаўка. Тут жывуць Іван Феліксавіч і Клемянціна Ульянаўна Хаданёнкі. Гаспадар любіць чытаць часопісы «Планета», «Вакол свету», а гаспадыня — тэматычныя перыядычныя выданні, прысвечаныя хатнім клопатам: часопісы з кулінарнымі рэцэптамі, парадамі па вядзенні сада, агарода. Паслуга, якую прапануе «Бібліобус», ім вельмі патрэбная, да бліжэйшых бібліятэк у Сталіцы ці Германавічах дабірацца складана. А тут перыёдыка дастаўляецца на дом. Далей па маршруце вёска Каралева.

— Зараз мы вас пазнаёмім з нашай  найстарэйшай чытачкай, — абяцаюць бібліятэкары.

І сапраўды, Галіне Дзянісаўне Аляксеевай 83 гады, але цікавасць да чытання з гадамі ў ёй не аслабла. І галоўнае, вочы пакуль, хоць і ў акулярах, але дазваляюць чытаць. Сярод прывезеных ёй кнігаў заўважаю кніжку Дар’і Данцовай. Па словах бібліятэкараў, чытацкія густы бабулі даволі сучасныя і разнастайныя.

— Як алкаголіку выпіць, так мне пачытаць, — тлумачыць сама Галіна Дзянісаўна.

Дарэчы, яна нарадзілася ў Віцебску, чытаць навучылася рана ў школе і праз усё жыццё пранесла з сабой любоў да чытання. І яшчэ перадала яе дачцэ Надзеі Ювінальеўне Хаданёнак, дом якой і становіцца адным з наступных прыпынкаў «Бібліобуса».

Надзея Ювінальеўна Хаданёнак

Надзея Ювінальеўна хуткімі рухамі перабірае прывезеныя кнігі:

— Вось гэтую чытала, і вось гэтую і гэтую.

Прачытала яна, і сапраўды, шмат, таму чвэрць прапанаваных ёй кніг бібліятэкары забіраюць з сабой. І густы ў яе даволі розныя: можа і паэзію пачытаць, і класіку, і папулярныя раманы, гістарычную літаратуру, а таксама беларускіх аўтараў. А што яшчэ рабіць у вёсцы зімой? Гаспадаркі не трымае, днём займаецца вышыўкай, а калі цямнее бярэцца за кнігі. Чытае запоем, бывае, што і доўга за поўнач заседжваецца з кнігай.

Валянціна Іванаўна Буда

А ў сям’і Івана і Людмілы Хаданёнкаў чытаюць усе, бібліятэкары выконваюць заказы не толькі дарослых, але і іх дачок — Міланы і Віталіны. Любіць чытаць жыхарка вёскі Людвінова Валянціна Іванаўна Буда, яна аддае перавагу дамскім раманам, літаратуры для душы.

Апроч Каралева і Людвінова, у гэтую паездку Ірына Більдзюга і Наталля Сырцова таксама наведваюць пастаянных чытачоў у вёсках Юзэфова і Іванава.

Што казаць, шмат чытачоў чакаюць прыезду бібліятэкараў з цікавымі кніжкамі і часопісамі, а значыць шмат работы і маршрутаў наперадзе ў «Бібліобуса».

Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *