Выехаць у поле можам і сёння
Так выказаўся намеснік генеральнага дырэктара па кіраванні ААТ “Княж” ААТ “Полацкі малочны камбінат” Уладзімір Буда, калі мы наведалі гаспадарку і пацікавіліся ходам падрыхтоўкі да вясенне-палявых работ.
У механічных майстэрнях на рамонце знаходзіліся тры трактары. Механізатары праводзілі замену вузлоў і агрэгатаў сваіх “сталёвых коней”. Пройдзе два-тры дні і тэхніка будзе ў рабочым стане. Запчасткі і расходныя матэрыялы для рамонту тут заўсёды маюцца ў наяўнасці.
— Тэхніку і прычапныя агрэгаты мы пачалі рамантаваць яшчэ восенню мінулага года, — кажа Уладзімір Пятровіч. — Спачатку адрамантавалі счэпкі барон, потым іншую глебаапрацоўчую і пасяўную тэхніку, трактары. Усяго ў наяўнасці маецца 14 адзінак трактароў розных марак і мадыфікацый. У спраўным стане знаходзяцца пасяўны агрэгат АПП-6А, дзве адзінкі “Лемкен” з шырынёй захопу 3 метры і адна сеялка СЗТ-5,4. Чатыры адзінкі энерганасычаных трактароў таксама стаяць на лінейцы гатоўнасці ў счэпе з глебаапрацоўчымі агрэгатамі. Нядаўна за ўласныя сродкі набылі раскідвальнік мінеральных удабрэнняў МВУ-6. У спраўным стане знаходзіцца агрэгат для ўнясення вадкіх удабрэнняў “Раса”.
Сёлета яравы клін па гаспадарцы складзе 908 гектараў. З іх зерневых плануем пасеяць 396 га, яравога рапсу — 60 га, кукуруза зойме плошчу 250 га, а аднагадовыя травы будуць пасеяны на плошчы 202 гектары.
Тэхнікі, як самі бачыце, у нас хапае, механізатарскіх кадраў таксама. Цяпер усе мы з нецярпеннем чакаем выезду ў поле, каб у аптымальныя тэрміны правесці вясеннюю пасяўню кампанію.
Сяргей РАЙЧОНАК.