Чалавек і яго справа: намеснік галоўнага бухгалтара ААТ “Жвіранка” Валянціна Зайцава

Сельское хозяйство

813Намеснік галоўнага бухгалтара адкрытага акцыянернага таварыства “Жвіранка” Валянціна Антонаўна Зайцава свае першыя крокі ў прафесіі пачала рабіць яшчэ ў 1986 годзе. Тады, 32 гады назад, адразу пасля заканчэння Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума маладога спецыяліста размеркавалі ў калгас імя Кутузава.

— Як імкліва бяжыць час, — успамінае Валянціна Антонаўна. — Нават самой не верыцца, што прайшло столькі многа гадоў. Здаецца, літаральна ўчора асабіста знаёміў мяне з калектывам работнікаў калгаснай канторы старшыня гаспадаркі Антон Сяргеевіч Марціновіч, якога, на жаль, ужо няма сярод нас.

Нарадзілася я ў вёсцы Задарожжа Пліскага сельсавета, што на Глыбоччыне. Там жа закончыла мясцовую школу. Але лёс склаўся так, што жыць і працаваць у далейшым мне давялося ў Більдзюгах. У той час тут была адна з самых моцных гаспадарак не толькі на Віцебшчыне, але і ў Беларусі. Сельгаспрадпрыемства вызначалася высокай працоўнай дысцыплінай, вытворчымі паказчыкамі і трывалай матэрыяльна-тэхнічнай базай.

Мне, маладому спецыялісту, дапамагалі спасцігаць асновы справы вопытныя калегі. Шмат практычных ведаў я атрымала ад галоўнага бухгалтара Раісы Міхайлаўны Бортнік і яе намесніка Галіны Сцяпанаўны Туронак. Напэўна, каб не гэтыя цудоўныя жанчыны, я не стала б тым спецыялістам, якім з’яўляюся ў цяперашні час. З хваляваннем у душы і сэрцы я і сёння ўспамінаю пра іх.

У цяперашні час я і мае больш сталыя і вопытныя калегі самі з’яўляемся настаўнікамі і дарадцамі для нашых маладых спецыялістаў. Даём ім пэўныя падказкі, разам працуем над абмеркаваннем і рашэннем складаных бухгалтарскіх задач. А іначай і быць не можа, бо плённай праца ў калектыве будзе толькі тады, калі адчуваеш падтрымку сваіх таварышаў.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *