Чалавек года Шаркаўшчыны — Вера Шуман

Актуальное

«З песняй па жыцці!» З такім дэвізам з году ў год упэўненымі крокамі ідзе па жыцці мастацкі кіраўнік раённага Дома культуры, прыгожая і абаяльная жанчына Вера Мефодзьеўна Шуман. У Шаркаўшчыне і нават у раёне, напэўна, няма чалавека, які б не ведаў яе. “Я — работнік культуры закулісны, — кажа нам Вера Мефодзьеўна. — Не люблю быць у цэнтры ўвагі”. Рызыкнём з гэтай яе вымовай не згадзіцца. Музычныя нумары гурткоў, якімі кіруе Вера Мефодзьеўна — аснова канцэртных праграм, што ладзяцца ў райцэнтры. Ды і сама мастацкі кіраўнік шмат гадоў з’яўляецца ўдзельніцай народнага хору “Спадчына”, спявае сольна і ў вакальным ансамблі “Родныя напевы”.

Скончыўшы Полацкае педагагічнае вучылішча і Віцебскі педагагічны інстытут, пачынала свой працоўны шлях настаўніцай чарчэння і малявання ў Верацееўскай базавай школе. Адначасова была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці пры мясцовым сельскім клубе. Затым, пераехаўшы жыць у Шаркаўшчыну, працаўладкавалася на пасаду метадыста ў Цэнтр пазашкольнай работы. Разам з вучнямі, удзельнікамі гурткоў, ладзілі мерапрыемствы рознага кшталту. Тут у жніўні 2000 года і быў створаны тэатр моды “Маленькая фея” (зараз тэатр эстраднай песні). Працуючы з 2003 па 2008 гг. настаўніцай музыкі і выяўленчага мастацтва ў Більдзюжскай СШ, асноўную работу сумяшчала з работай у РДК. Працавала над стварэннем новых аб’яднанняў. А зараз ужо чацвёрты год з’яўляецца мастацкім кіраўніком гэтай установы.

Вядома, выпадковы чалавек, як бы ні стараўся, не зможа працаваць у сферы культуры. Тут патрэбен прыродны задатак, творчы запал, уменне працаваць у калектыве, з калектывам і з вялікай глядацкай аўдыторыяй. А для Веры Мефодзьеўны работа складаней яшчэ і тым, што яе гурткоўцы — гэта дзеці, якія патрабуюць асобага падыходу. Сямігадовыя малышы — малодшы састаў тэатра эстраднай песні “Маленькая фея”. Старэйшая група — гэта сямі-, васьмі- і дзевяцікласніцы.

Яскравымі, запамінальнымі музычныя нумары робяць прыгожыя касцюмы, розныя аксесуары ўдзельніц калектыву, пашытыя ўласнымі рукамі Веры Мефодзьеўны. Пашыў адзення, вязанне, вышыванне — хатняе захапленне жанчыны, вынікі якога служаць аздабленнем сцэнічных касцюмаў выканаўцаў песень на сцэне.

На працягу 2011 года праходзіў музычны праект на сцэне РДК “З песняй па жыцці!” Ён падрабязна асвятляўся на старонках нашага выдання. Гэта распрацоўка Веры Мефодзьеўны Шуман і распрацоўка ўдалая, бо мела станоўчыя водгукі сярод насельніцтва як новае культурна-масавае відовішча. А яшчэ, дзякуючы праекту, стварыўся новы калектыў у раённым Доме культуры — вакальны ансамбль “Родныя напевы”, якім кіруе Вера Мефодзьеўна. Вось і праца на вынік.

Сваіх пераможных вяршынь дасягаюць і ўдзельніцы “Маленькай феі”. У 2008 годзе Таццяна Хахель заваявала першае месца на абласным маладзёжным праекце “Школа зорак”. Летась Паліна Вярыга, Дар’я Берніковіч, Надзея Булкіна і Святлана Лысёнак занялі трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе юных выканаўцаў эстраднай песні “Халі-Хало”.

А што тычыцца сям’і, то яна таксама “музычная”. Старэйшая дачка Анжэла працуе выкладчыкам харавога аддзялення дзіцячай школы мастацтваў. Малодшая Крысціна зараз студэнтка лінгвістычнага ўніверсітэта. У свой час была ўдзельніцай “Маленькай феі”. Музычна адораны, з выдатнымі галасавымі дадзенымі і зяць, муж старэйшай дачкі Уладзімір — пастаянны ўдзельнік культурна-масавых мерапрыемстваў. Ну і, канечне, муж Яўген, як пажартавала Вера Мефодзьеўна, не супраць паспяваць з зяцем у вузкім сямейным крузе. Працу, і звязаную з ёй пастаянную занятасць сваёй другой паловы, Яўген разумее і стараецца ва ўсім ёй дапамагчы.

Зараз Вера Мефодзьеўна распрацоўвае сцэнарый раённай урачыстасці “Чалавек года Шаркаўшчыны”, падбірае рэпертуар, канцэрнтыя нумары самадзейным артыстам. А ў хуткім часе (бо адпаведныя дакументы ўжо падрыхтаваны) яе выхаванцы, тэатр эстраднай песні “Маленькая фея”, набудуць званне “узорны калектыў” — вяршыня, да якой ішлі разам са сваім мастацкім кіраўніком трынаццаць год.

Сяргей РАЙЧОНАК,

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



1 комментарий по теме “Чалавек года Шаркаўшчыны — Вера Шуман

  1. Просто замечательный человек Вера Мефодьевна! На таких людей надо равняться и гордиться ими! Талант с большой буквы!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *