Нарошчвае тэмпы корманарыхтоўка ў ААТ «Буеўшчына»

Главное Сельское хозяйство

механізатар Алег Казак

У сельгаспрадпрыемствах раёна актыўна вядуцца корманарыхтоўчыя работы. Пасля дажджоў значна падрасла трава на сенажацях. Гэта акалічнасць спрыяе аграрыям у справе нарыхтоўкі кармоў.
Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, з якімі сутыкаюцца сельгаспрадпрыемствы, у кожнай гаспадарцы нарыхтоўка кармоў да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы ідзе належным чынам.
У адкрытым акцыянерным таварыстве “Буеўшчына” на дадзеным відзе работ задзейнічаны корманарыхтоўчы комплекс КВК-800, за штурвалам якога знаходзіцца вопытны механізатар Вячаслаў Пабяржын. На адвозе зялёнай масы працуе тэхніка гаспадаркі. У сельгаспрадпрыемства для аказання дапамогі камандзіраваны малады механізатар з Глыбоцкай інтэграцыйнай структуры Алег Казак.
— У ААТ “Буеўшчына” на вясенняй пасяўной я быў задзейнічаны на культывацыі глебы, — кажа Алег. — Цяпер дапамагаю мясцовым аграрыям на перавозцы зялёнай масы з поля ў сянажную траншэю. Ужо не першы год працую на энерганасычаным трактары “Кіравец” К-744 у счэпе з трохвосным прычэпам ПІМ-60. Праца мне гэта падабаецца, яна мне па душы. Нязручнасцю з’яўляецца толькі тое, што кожны дзень трэба раніцай дабірацца з Глыбокага ў Іёды, а ўвечары ад’язджаць дадому. На дарогу страчваецца шмат часу.
Пасля кароткай размовы Алег, завёўшы рухавік свайго магутнага трактара, рушыў разгружаць “зялёнку” ў сянажную траншэю. Трамбоўкай правяленай масы тут займаюцца механізатары Павел Пяткевіч і Уладзімір Падоба. У абодвух амаль новыя трактары “Беларус” МТЗ-3522, якія гаспадарка атрымала ў пачатку мінулага года. Тэхніка адмысловая, а ва ўмелых руках механізатараў яшчэ і надзейная.

На трамбоўцы задзейнічаны трактарысты Павел Пяткевіч і Уладзімір Падоба

Сёлета ў ААТ “Буеўшчына” запланавана нарыхтаваць амаль 15 тысяч тон сенажу, 890 тон сена, больш за 15 тысяч тон сіласу. Толькі выканаўшы такія планавыя паказчыкі, можна будзе без перашкод правесці зімова-стойлавы перыяд буйной рагатай жывёлы.

Сяргей РАЙЧОНАК.