30 год працуе ў сістэме гандлю Наталля Пучынская

Общество

Кааперацыя Шаркаўшчынскага раёна — гэта гаспадарчая сістэма, якая складаецца з разгалінаванай сеткі прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання, нарыхтовак сельгаспрадукцыі.
Аснову спажывецкай кааперацыі складае гандаль. На добрым рахунку ў кіраўніцтва Докшыцкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства знаходзіцца магазін “Дыялог” у гарадскім пасёлку, якія размяшчаецца па вуліцы Энергетыкаў, 2, дзе прадаўцом працуе Наталля Пучынская.
— На мінулым тыдні споўнілася роўна 30 год, як працую ў сістэме гандлю, — кажа Наталля Цімафееўна. — Нарадзілася ў вёсцы Дзікева, скончыла Беладворскую васьмігодку, а потым ў Пастаўскім СПТВ атрымала пасведчанне лабаранта. Да выхаду ў дэкрэтны водпуск працавала лабарантам у райветстанцыі. З цягам часу мая пасада трапіла пад скарачэнне. Таму я і абрала для сябе прафесію прадаўца. 26 год працавала спачатку прадаўцом, а потым загадчыцай магазіна № 4, які знаходзіўся на скрыжаванні вуліц 17 Верасня і Чырвонаармейскай у гарадскім пасёлку. І вось ужо чатыры гады працую ў магазіне “Дыялог”.
Людзі ў нас спагадлівыя, добразычлівыя, з кожным пакупніком знаходжу кантакт. Шкада толькі, што колькасць насельніцтва змяншаецца, а гэта, у сваю чаргу, негатыўна ўплывае на тавараабарот і выкананне даведзеных планаў па рэалізацыі тавараў. Тым не менш, стараюся працаваць так, каб чалавек, які прыйшоў набыць той або іншы харчовы ці прамысловы тавар, быў задаволены яго набыццём.
І сапраўды, падчас нашага знаходжання ў магазіне заходзілі і дзеці, і людзі сталага ўзросту. Усе, зрабіўшы патрэбныя пакупкі, выходзілі з гандлёвай кропкі задаволеныя і з усмешкамі. А інакш і быць не можа, бо ў наяўнасці заўсёды ёсць прадукты не толькі першай неабходнасці, але і прамысловыя тавары, якія карыстаюцца попытам у насельніцтва.
Сяргей РАЙЧОНАК.