Чалавек года Шаркаўшчыны: даярка ААТ «Даватарскі» Ніна Лубянцова

Актуальное Сельское хозяйство

Памятаецца той час, калі не існавала ніякіх межаў з прыбалтыйскімі краінамі. Тады дзяўчаты нашага краю паступалі вучыцца ў Даўгаўпілскае медыцынскае вучылішча. Паступіла і Ніна Мілецьеўна Лубянцова з вёскі Валожынкі ААТ “Даватарскі”. Пасля заканчэння ўстановы дзяўчына пэўны час працавала медыцынскай сястрой у рэаніматалагічным аддзяленні адной з бальніц сталіцы Латвіі — Рыгі. Так склаліся абставіны, што праз пэўны час давялося вярнуцца на радзіму да сваіх бацькоў. Прыехала не адна, а з мужам Андрэем Уладзіміравічам — ваенным у адстаўцы, які прамяняў сонечны Кіславодск (адтуль родам) на беларускую вёску. Ніна Мілецьеўна не стала шукаць сабе работы па спецыяльнасці, а ўладкавалася даяркай на ферму, дзе да таго часу працавала яе маці. Андрэй Уладзіміравіч узначаліў будаўнічую брыгаду гаспадаркі.

З той пары прайшло 20 гадоў. У сям’і Лубянцовых выхоўваюцца два сыны — студэнты. Дзяніс — будучы будаўнік, як і бацька, а Аляксей — аўтамеханік.

Каб матэрыяльна падтрымліваць студэнтаў і самім жыць у дастатку, Лубянцовы трымаюць на падворку дзвюх кароў, свіней, трусоў, курэй. Лішкі малака рэалізуюць дзяржаве.

— Цяпер працаваць на ферме стала намнога лягчэй, пасля таго як зрабілі ў кароўніку малакаправод, — стала расказваць пра свае працоўныя будні Ніна Мілецьеўна. — У групе 52 каровы, як і ў астатніх даярак, якія працуюць са мной побач — Ангеліны Баговіч, Наталлі Елубаевай і Людмілы Гудаковай. Доім тры разы ў суткі.

За мінулы год Ніна Мілецьеўна надаіла 227,5 тоны малака, што адпавядае 6313 кілаграмам на карову з прыбаўкай да папярэдняга года больш, як тысячу кілаграмаў. За студзень, люты гэтага года надаіла 21 тону і 588 кілаграмаў ад кожнай каровы. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў у гаспадарцы.

Як прызналася Ніна Мілецьеўна, нядаўна ў яе і мужа Андрэя Уладзіміравіча было сярэбранае вяселле — 25 гадоў сумеснага жыцця. Так што віншуем Лубянцовых з такой знамянальнай датай, а Ніну Мілецьеўну яшчэ і з ганаровым званнем “Чалавек года Шаркаўшчыны”. Няхай у іх сям’і будзе заўсёды лад і згода, а праца прыносіць прыбытак і задавальненне.

Кацярына СОСНА.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *