Шаркаўчане на 31-ым Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар”

Главное Культура

14 — 17 ліпеня ў Віцебску ў 31-ы раз прайшоў Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар”. На працягу чатырох дзён на святочных вуліцах абласнога цэнтра праходзіла мноства цікавых падзей, выставаў, на канцэртных пляцоўках выступалі айчынныя і замежныя выканаўцы. Паўдзельнічалі ў разнастайных мерапрыемствах міжнароднага культурнага форуму і шаркаўчане.

Пазнаёміцца з нашым раёнам госці фестывалю маглі на гасцінным Шаркаўшчынскім падворку з прэзентацыяй брэнду нашага раёна — святам “Яблычны Фэст”. Трэба адзначыць, што Шаркаўшчынскі падворак наведаў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч. Анатолій Мечыслававіч пазнаёміўся з работамі шаркаўшчынскіх майстроў, пагаварыў пра адметнасці народных рамёстваў у нашым рэгіёне.

У міжнародным конкурсе майстроў традыцыйнага ткацтва “Палатняныя пераплёты — 2022” Ганна Рымдзёнак з аграгарадка Германавічы стала лаўрэатам 1-й ступені ў намінацыі “Ткацтва дываноў, посцілак і палавікоў”. Наталля Яфімава адзначана дыпломам за адраджэнне і папулярызацыю традыцый ткацтва.

Яшчэ адной заслужанай узнагародай стаў дыплом 3-й ступені ў намінацыі “рэканструкцыя і сцэнічны паказ традыцыйнага сялянскага строя рэгіёна”, які атрымаў творчы калектыў раённага Цэнтра рамёстваў ДУК “Шаркаўшчынскі раённы цэнтр культуры” за ўдзел у адкрытым абласным свяце-конкурсе народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства — 2022”. Шаркаўчане прадэманстравалі рэканструкцыю мясцовага вясельнага абрада. Аднавіла абрад Надзея Вайцюль, а касцюмы для яго распрацавала Ірына Груніна.

Такім чынам таленавітыя шаркаўчане ў чарговы раз паспяхова прадставілі наш рэгіён, прыўнёсшы сваю адметную фарбу ў шматкаляровую культурную палітру міжнароднага фестывалю мастацтваў.

Дарэчы, сюжэт пра конкурс майстроў «Палатняныя пераплёты» выйшаў у праграме «Новая раніца», глядзім пра нашу Ганну Рымдзёнак па спасылцы  https://www.youtube.com/watch?v=Ddo3i4Z7HOE