“Экалогія. Прырода. Жыццё!” Пад такой назвай на базе Шаркаўшчынскай СШ № 2 адбыўся раённы экафестываль. Экалогія і прырода — гэта не толькі цяперашні час, гэта — будучыня чалавецтва. Удзельнікі фестывалю расказалі, як зрабіць нашу зямлю больш здаровай і чыстай, захаваць прыгажосць роднай прыроды і памножыць яе багацце для нашчадкаў. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Цэнтр дзяцей і моладзі. Экафестываль праходзіў у трох намінацыях: “Агітбрыгада”, “Экаспектакль”, “Тэатр моды”. На працягу яго вучні школ раёна расказалі аб дзейнасці сваіх экалагічных брыгад, паказалі спектаклі на экалагічную тэматыку, прадставілі навамоднае адзенне з матэрыялаў, якія мы звычайна выкідваем у сметніцу. У адным з экалагічных спектакляў дзеці вельмі добра паказалі, як нядбайна некаторыя людзі паводзяць сябе ў лесе, выкідваюць смецце і не клапоцяцца пра яго насельнікаў. Яшчэ раз нагадалі аб тым, як жа трэба ставіцца да ляснога царства. Многа заклікаў прагучала ў абарону балота Ельня.
Пераможцаў экафестывалю вызначылі ў кожнай намінацыі. У намінацыі “Агітбрыгада” першае і другое месцы раздзялілі паміж сабой Шаркаўшчынскія СШ № 1 і № 2, на трэцім аказалася Лужкаўская сярэдняя школа. У намінацыі “Тэатр моды” першае месца заваявала Шаркаўшчынская СШ № 1, на другім — Германавіцкая СШ, а на трэцім — Каўшэлеўская базавая школа. У намінацыі “Экаспектакль” лепшай стала пастаноўка Шаркаўшчынскай СШ № 1, другое месца дасталася Улінаўскай ДС-БШ, а трэцяе ў Більдзюжскай сярэдняй школы. Фестываль атрымаўся сапраўды пазнавальным і цікавым і прымусіў гледачоў задумацца пра свае адносіны да прыроды.
Марына ЖАКАЎКА. Фота аўтара.