Жнівень — час, калі ў сельскіх населеных пунктах праводзяцца масавыя мерапрыемствы — святы аграгарадкоў, вёсак, вуліц. 14 жніўня такое свята адбылося ў аграгарадку Радзюкі, дзе і пабываў наш карэспандэнт.
Урачыстасць прысвячалася людзям, якія жывуць і працуюць на роднай зямлі, выхоўваюць дзяцей, унукаў, праўнукаў, імкнуцца зрабіць свой край прыгожым і ўтульным.
Як адзначыў старшыня Радзюкоўскага сельскага Савета Аляксандр Цітовіч, аднавяскоўцы добра папрацавалі, можна цяпер і адпачыць.
Дзень аграгарадка — гэта добрая нагода для тых, хто пакінуў родны дом, прыехаць на сустрэчу са старымі сябрамі, успомніць маладыя гады, наведаць бацькаўшчыну, а жыхарам аграгарадка ўпэўніцца, што пра іх памятаюць і шануюць за працоўныя заслугі.
Надвор’е ў той дзень было выдатнае. Мерапрыемства сельскі Савет і сельскі Дом культуры арганізавалі на вольным паветры, каля клубнай установы, у зацені клёнаў. Імправізаваная глядзельная зала а трынаццатай гадзіне напоўнілася тымі, хто шчыра любіць родную вёску, душэўныя песні.
У пачатку свята да прысутных з прывітальнымі і віншавальнымі словамі звярнуліся старшыня Радзюкоўскага сельскага Савета Аляксандр Цітовіч, намеснік кіраўніка КУВСП імя Маркава па ідэалагічнай рабоце Наталля Скарбоўская, старэйшына аграгарадка Радзюкі Сяргей Талапіла.
Потым вядучыя праграмы Валянціна Лазарэц і Іван Русецкі правялі з прысутнымі міні-віктарыну. Яны задавалі гледачам пытанні з гісторыі ўзнікнення і станаўлення вёскі, слухалі розныя варыянты адказаў. Існуе меркаванне, што назва вёскі пайшла ад імя паненкі Дзюкі з роду Багуцкіх. Казалі, што каля яе сядзібы былі шыкоўныя кветнікі — нібы рай. Таму і казалі: “Пойдзем палюбуемся раем у Дзюкі”.
А што ўяўляюць Радзюкі сёння? У цяперашні час тут пражывае 471 чалавек. Населены пункт з 2008 года мае статус аграгарадка, з’яўляецца цэнтрам сельгаспрадпрыемства імя Маркава. Тут маюцца сельскі Савет, сельскі Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, паштовае аддзяленне, магазін, механічныя майстэрні, жывёлагадоўчыя фермы.
У народзе кажуць, што вёска жыве, калі ў ёй нараджаюцца дзеці. Вядучыя святочнай праграмы паведамілі, што самым маленькім жыхаром аграгарадка Радзюкі з’яўляецца Аляксандра Странчэўская, дзяўчынцы 1 год і 7 месяцаў.
Нараджэнне дзяціці ў сям’і — гэта заўсёды важная падзея. На свяце прысутнічалі шматдзетныя сем’і. Гэта Аляксандр і Аляксандра Байгот, Вадзім і Вікторыя Странчэўскія, Юрый і Анжэла Пяткевічы, Дзяніс і Алёна Бунто, Мікалай і Наталля Скарбоўскія.
Ёсць сем’і, на якія можна раўняцца і браць з іх прыклад. Пражыць шмат год душа ў душу, разам пранесці праз дзесяцігоддзі полымя ўзаемных даверу, павагі, дабрыні і кахання можа не кожны. 45-годдзе сумеснага жыцця сёлета адзначылі Іосіф Антонавіч і Наталля Васільеўна Арэх. Палатнянае вяселле (35 год) адсвяткавалі Віктар Леанідавіч і Таццяна Міхайлаўна Туронкі. Дзмітрый Часлававіч і Алена Мікалаеўна Ліпскія разам крочаць па жыцці 30 год. Сям’я Мікалая Арсеньевіча і Алены Віктараўны Маісеевых сустрэла сярэбранае (25 год) вяселле. Два дзесяцігоддзі дзеляць на дваіх жыццёвыя радасці і нягоды Іван Аляксандравіч і Надзея Аляксееўна Карабковы. Крыштальнае вяселле (15 год) сустрэла сямейная пара Мікалая Уладзіміравіча і Таццяны Іванаўны Шабан. Старшыня Радзюкоўскага сельскага Савета Аляксандр Цітовіч уручыў сямейным парам-юбілярам памятныя падарункі, пажадаў доўгіх год сумеснага жыцця.
Не засталіся па-за ўвагай і тыя вяскоўцы, хто сёлета адзначае юбілейныя дні нараджэння: Юрый Антонавіч Хаданёнак, Ала Анатольеўна Прыстаўка, Надзея Міхайлаўна Лапо, Таццяна Уладзіміраўна Кулеш, Валянцін Парфір’евіч Лабаты, Ірэна Дзмітрыеўна Сета, Марыя-Ванда Янаўна Дулінец, Вераніка Ігнацьеўна Лук’янёнак, а таксама самы старэйшы жыхар аграгарадка — Соф’я Рыгораўна Сцяпанава, якой сёлета споўнілася 92 гады.
У нашай краіне чалавек працы заўсёды знаходзіцца ў пашане. Ад аграрыяў і жывёлаводаў залежыць харчовая бяспека краіны, ад медыцынскіх работнікаў — стан здароўя насельніцтва, ад настаўнікаў — узровень адукацыі падрастаючага пакалення. Так было і будзе заўсёды. На свяце ўспомнілі імёны жыхароў Радзюкоў, якія працавалі і працуюць цяпер у самых розных сферах, але ўсе разам клапоцяцца пра дабрабыт не толькі свайго населенага пункта і навакольных вёсак, але і пра жыхароў Шаркаўшчынскага раёна.
Мерапрыемства доўжылася амаль чатыры гадзіны, але ніхто з прысутных не стаміўся, нават пажылыя людзі пускаліся ў скокі пад вясёлыя песні, якія дарылі гледачам удзельнікі мастацкай самадзейнасці Радзюкоўскага СДК, народнага клуба нацыянальнай кухні “Груца”, устаноў культуры гарадскога пасёлка: Ала Клакоўская, Іван Гарбачонак, Мікалай Марозаў і Іван Русецкі.
Да сустрэчы, Радзюкі, у будучым годзе!
Сяргей РАЙЧОНАК.


















































