
Дзіцячы радасны смех напоўніў глядзельную залу раённага Дома культуры напярэдадні Міжнароднага дня сям’і, што адзначаўся ў краіне 15 мая. Звонкія галасы хлопчыкаў і дзяўчынак нібы званочкі ўзнімалі сваімі мелагучнымі песнямі настрой бацькоў, дзядуль і бабуль, усіх гледачоў, хто не паленаваўся і прыйшоў на канцэрт, прысвечаны адной з самых дарагіх каштоўнасцей чалавечага жыцця — сям’і.

Шчырымі апладысментамі віталі гледачы ансамбль раённай школы мастацтваў, у складзе якога сумесна выступалі выкладчыкі і навучэнцы. Сваё майстэрства ігры на баяне прадэманстравала Дар’я Седзюкевіч разам з педагогам Э. П. Шудзель. Асноўную частку канцэртнай праграмы склалі нумары мастацкай самадзейнасці, якія падрыхтавалі маленькія выхаванцы дзіцячых садкоў гарадскога пасёлка. Нікога не пакінулі раўнадушнымі танцавальныя кампазіцыі “Сладкоежки” і “Танец с корзиночкой» ясляў-сада № 5, танец «Ромашки” ясляў-сада № 3. Вельмі прыгожа і нават без хвалявання праспявала песню “Кнопачка” выхаванка ясляў-сада № 1 Каця Дзмітрыева, якой усяго чатыры годзікі. Хлопчыкі і дзяўчынкі расказвалі вершы пра сваіх матуль, пра сям’ю.
Свята прайшло на ўзнёслай ноце. Бо толькі дзеці, як ніхто іншы, могуць стварыць добры настрой, сваімі лагоднымі ўсмешкамі здольныя цешыць і радаваць бацькоў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
