Чалавек года Шаркаўшчыны: дырэктар Лужкаўскай СШ Ларыса Віктараўна Гараніна

Актуальное

Настаўнік — пачэснае, высакароднае імя! Гэта прафесія, якая можа быць дадзена чалавеку толькі па прызванню, прызванню душы і сэрца. Настаўнік, нібы другая маці, шасцігадовых дзетак з першых прыступак школьнага парога вядзе дарогай дабрыні і ведаў у свет дарослага жыцця. Упэўнены, што кожны чалавек, у каго не спытай, з радасцю і цёплай усмешкай успомніць, раскажа пра свайго першага настаўніка, з трапяткім хваляваннем прыгадае гады школьнага жыцця, якое, на вялікі жаль, немагчыма вярнуць назад.

—    Ларыса Віктараўна — наша другая маці, — кажуць вучні малодшых класаў Лужкаўскай СШ пра свайго дырэктара. — Яна не вельмі строгая, як кіраўнік, яна — справядлівая, — дадалі вучаніцы адзінаццатага класа.

За лёгкім поступам абаяльнай, прыгожай жанчыны, упэўнена крочачай па школьных калідорах і па жыцці, схавана асоба кіраўніка, які псіхалагічна павінен быць настроены на ветлівае прывітанне з вучнямі і на безкампраміснае вырашэнне праблем, што тычацца калектыву, які яна ўзначальвае.

Працоўны шлях на ніве адукацыі Ларыса Віктараўна пачала ў пачатку 90-х на пасадзе настаўніцы пачатковых класаў Улінаўскай БШ. Затым выкладала гісторыю і беларускую мову ў Стральцоўскай базавай школе, якую потым некаторы час узначальвала. І вось ужо на працягу шасці год працуе дырэктарам Лужкаўскай СШ — адной з лепшых навучальных устаноў раёна.

Так, мы не памыліліся, калі сказалі адной з лепшых. Прайдзіцеся па калідорах школы і ўбачыце граматы, дыпломы, падзячныя лісты, кубкі і вымпелы за шматлікія дасягненні вучняў і настаўнікаў на конкурсах, спаборніцтвах, алімпіядах і іншых мерапрыемствах.

—    Маёй заслугі ў гэтым няма, — сціпла вымавіла Ларыса Віктараўна. — Педагагічны калектыў у нас — таленавіты, вопытны і самаадданы. А вучні — вельмі прагныя да вучобы. І я, і ўсе настаўнікі, стараемся даць дзецям усё самае лепшае, станоўчае і пазітыўнае, што завецца адным словам — дабро. Наогул, па жыцці я крочу з дэвізам “Усё лепшае — дзецям!”. Без іх не ўяўляю ні школьных будняў, ні святаў, якія цалкам прысвячаю дарагой сям’і.

Трэба дадаць, што нездарма Ларыса Віктараўна Гараніна выбрана “Чалавекам года Шаркаўшчыны”. І званне гэта для яе — заслужанае, пачэснае і ганаровае.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *