З увагай і дабрынёй адносіцца да сваіх падапечных сацыяльны работнік Святлана Вярховіч

Общество

Святлана Вярховіч і Соф’я Данатаўна Машара гартаюць старонкі альбома

Дзень работнікаў сацыяльнай абароны адзначаецца ў адным шэрагу з навагоднімі і каляднымі святамі нездарма. Добрыя душой, гатовыя і ў моцны мароз, і ў дождж, і ў спёку прыходзіці на дапамогу да тых, хто мае ў гэтым патрэбу, — так можно з поўным правам сказаць пра работнікаў сацыяльнай службы. Гэта людзі, якія ўмеюць дарыць радасць, а іншым разам нават ствараць цуд, як добры казачнік.
Святлана Вярховіч не адразу прыйшла ў гэту прафесію. Спачатку жанчына была занята ў галіне сельскай гаспадаркі. Калі па стане здароўя медыцынскія работнікі забаранілі ёй працаваць у жывёлагадоўлі, то вырашыла паспрабаваць працаўладкавацца ў сацыяльную службу. Як паказаў час, у выбары новай прафесіі яна не памылілася.
— Мае знаёмыя параілі звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, — успамінае Святлана Мечыславаўна. — Спачатку мяне аформілі на пасаду сацыяльнага работніка часова, а потым перавялі на пастаянную аснову. Радуе тая акалічнасць, што пажылыя людзі, якіх я абслугоўваю, а на сённяшні дзень гэта дзевяць чалавек, усе добразычлівыя, спагадлівыя. Большасць з іх пражываюць у гарадскім пасёлку, двое — у вёсках Ляднікі і Палялейкі. Гэта не вельмі далёка ад райцэнтра, таму асаблівых цяжкасцей з наведваннем пажылых грамадзян у гэтых населеных пунктах няма. Згодна з распрацаваным і зацверджаным графікам некаторых сваіх падапечных я наведваю адзін раз на тыдзень, іншых — два разы, а некаторых — і тройчы за сем дзён. Безумоўна, ёсць адпаведны пералік тых абавязкаў, якія павінен выконваць кожны сацыяльны работнік. Гэта і набыццё разнастайных тавараў у краме, лекаў у аптэцы, уборка ў доме або кватэры і шмат іншага. Але акрамя вышэй пералічанага я стараюся быць максімальна карыснай для людзей, якія маюць у гэтым патрэбу.
Калі я сустрэўся са Святланай Мечыславаўнай, яна набывала прадукты харчавання ў краме “Хіт”, што ў мікрараёне будаўнікоў, для Соф’і Данатаўны Машары.
— Раніцай я патэлефанавала Соф’і Данатаўне і спытала, якія прадукты ёй сёння трэба набыць, — кажа Святлана. — Вось цяпер аднясу ёй пакет з пакупкамі, выканаю свае працоўныя абавязкі і пайду да іншых пенсіянераў.
Разам мы пакрочылі да трохпавярховага дома па вуліцы Максіма Горкага, дзе пражывае пажылая жанчына. Я дапамог Святлане Мечыславаўне несці пакет з прадуктамі, бо тратуар і прыступкі на ўваходзе ў пад’езд жылога дома былі абледзянелыя і ступаць трэба было вельмі асцярожна.
Гаспадыня з радасцю сустрэла нас на парозе свайго жылля і гасцінна запрасіла прайсці ў кватэру. Пакуль Святлана займалася хатнімі справамі, Соф’я Данатаўна крыху расказала пра сябе. Так склаўся лёс гэтай жанчыны, што 19 год назад пайшоў з жыцця яе муж, няма ў жывых і адзінай дачкі. Ёсць пляменнікі, іншыя сваякі, але Святлану Вярховіч яна лічыць не проста сацыяльным работнікам, а родным свайму сэрцу чалавекам.
— Ведаеце, я заву сваю Святланку сонейкам, — сказала Соф’я Данатаўна, лагодна дакрануўшыся да яе рукі. — Мне так пашанцавала, што менавіта гэта жанчына працуе сацыяльным работнікам на тэрыторыі, дзе пражываю я. Разам мы і пагутарым, і справы нейкія па кватэры зробім, і падзелімся нечым асабістым, што ў кожнага чалавека ёсць на душы. А цяпер вось удваіх пойдзем на кухню, каб прыгатаваць святочны пірог, бо хутка прыедуць госці.
Калі мы гаворым пра работнікаў сацыяльнай абароны, то часцей за ўсё маем на ўвазе тых, хто аказвае дапамогу на даму людзям, якім патрабуецца догляд. А што патрэбна пажылому чалавеку? Несумненна, клопат, увага, спагада і дабрыня. Усім гэтым шчодра дзеліцца са сваімі падапечнымі Святлана Мечыславаўна Вярховіч. У жанчыны хапае ўласных клопатаў. Разам з мужам у іх чацвёра дзяцей: два сыны і дзве дачкі, падрастаюць унукі і ўнучкі, а іх у Вярховічаў ажно восем. Знаходзіць час Святлана, каб не толькі прысвяціць сябе сям’і, але і каб атуліць клопатам і дабрынёй свайго сэрца пажылых людзей. Шчасця вам, Святлана, і вялікай жыццёвай вытрымкі!
Сяргей РАЙЧОНАК.