
У трэцюю нядзелю чэрвеня ў краіне штогод адзначаюць сваё прафесійнае свята медыцынскія работнікі. Людзі ў белых халатах, як іх называюць у народзе, па прызванні душы і сэрца, аднойчы абраўшы вельмі няпростую прафесію ўрача, годна нясуць яе па сваім жыцці. Маладое пакаленне медыкаў змяняе сваіх сталых, вопытных калег, каб з новымі перадавымі ідэямі, напрацоўкамі, тэхналогіямі выконваць сваё асноўнае прызначэнне — лячыць людзей.
Хірургічнае аддзяленне раённай бальніцы ўзначальвае Іван Вацлававіч Лаўрыновіч амаль чатыры гады. Загадчыкам быў прызначаны адразу пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Пасада, што і казаць, адказная, патрабуе высокага прафесіяналізму, навыкаў і вытрымкі. Нягледзячы на малады ўзрост, Іван Вацлававіч валодае ўсімі пералічанымі якасцямі.
— Раскажыце, калі ласка, некалькі слоў пра ваш калектыў, — запытаў наш карэспандэнт загадчыка аддзялення. — Наколькі гэта бачна ў вас большасць — маладыя спецыялісты.
— Аснова калектыву — тры ўрачы-хірургі, — кажа мой суразмоўца. — Акрамя мяне яшчэ Павел Генрыхавіч Качан і Аксана Уладзіміраўна Селіванава. Наогул жа ў хірургічным аддзяленні працуюць 35 чалавек медперсаналу. Калектыў, у асноўным, малады, але вельмі прагны да работы, да сумленнага выканання сваіх службовых абавязкаў. А іначай і быць не можа, бо ад якасці нашай работы, як і ад нас саміх залежыць здароўе чалавека, а нярэдка і само жыццё.

Праца ўрача-хірурга цяжкая і складаная. Але акрамя нашага з’яднанага калектыву вялікую ролю адыгрываюць сучасныя ўмовы раённай бальніцы, у якіх праходзяць курс лячэння хворыя.
Канечне, з адкрыццём новай лячэбнай установы павялічылася і колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца не толькі на лячэнні, а яшчэ і жадаюць прайсці як планавае, так і пазачарговае медабследаванне на сучасным абсталяванні. І дадзеная праблема для нас вырашальная. Важнай акалічнасцю якаснага аказання медыцынскіх паслуг з’яўляецца той факт, што на лячэнні ў хірургічным аддзяленні нярэдка знаходзяцца і жыхары суседніх раёнаў — Пастаўскага, Браслаўскага, Міёрскага.
— Шлях у медыцыну для вас быў асэнсаваны? — пацікавіўся я ў Івана Вацлававіча.
— Несумненна, — адказвае хірург. — Нават нягледзячы на тое, што мае бацькі дачынення да медыцыны не маюць: маці працавала бухгалтарам, а бацька — шафёрам. Дзесьці ў 9 класе я вырашыў для сябе, што стану хірургам. Пасля заканчэння медуніверсітэта вярнуўся на радзіму, працаўладкаваўся ў Шаркаўшчынскую ЦРБ, аб чым ні разу не пашкадаваў. Бо для сябе я цвёрда ўсвядоміў: у аснове поспеху любой работы — з’яднанасць калектыву, у якім працуеш. У нас яна — відавочная.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота Марыны ЖАКАЎКА.
