У гарпасёлку хутка адкрыецца новая спартыўная пляцоўка па вуліцы М. Горкага

Спорт

вучні праводзяць адсыпку бруствера будучай пляцоўкі

Прайшло не так шмат часу, як у раённым цэнтры каля СШ № 1 адкрылі новы стадыён. І вось яшчэ адна вельмі прыемная навіна для аматараў здаровага ладу жыцця, ды і для ўсіх шаркаўчан наогул. Па ініцыятыве старшыні райвыканкама М. І. Баговіча, пры фінансавай падтрымцы Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” у рамках праекта “Родная сторона — детям” у нашым райцэнтры хутка будзе здадзена ў эксплуатацыю ўніверсальная спартыўная пляцоўка ў мікрараёне будаўнікоў па вуліцы М. Горкага.

Зручнасць новага спартыўнага аб’екта заключаецца ў тым, што ўлетку яго можна выкарыстоўваць як пляцоўку для міні-футбола і іншых падобных відаў спорту, а зімой гэта будзе штучны каток. Зараз хуткімі тэмпамі вядуцца заключныя будаўнічыя работы: падсыпка шчэбеня, укладка бардзюра, адсыпка бруствера.

Часткова фінансавыя сродкі на будаўніцтва спартыўнага аб’екта скарыстаны з тых, што гараджане зарабілі на раённым суботніку. А ўкладка штучнага пакрыцця і ўстаноўка агароджы будуць праведзены за кошт Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”.

—    Лічу, што месцаразмяшчэнне спартыўнай пляцоўкі выбрана вельмі ўдала, — кажа начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама С. Л. Каплуноўскі. — Побач заасфальтаваная вуліца, пад’езд выдатны. Ды і насельніцтва ў мікрараёне стала значна больш, дзякуючы новым шматкватэрным дамам. Зараз наша асноўная задача — у вызначаны тэрмін здаць новы спартыўны аб’ект, які, несумненна, стане цудоўным падарункам гарадскому пасёлку і яго жыхарам.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *