
Нядаўна прыемная навіна прыйшла ў Шаркаўшчыну. Выхаванцы мясцовай школы таэквандо ўдала выступілі на міжнародным турніры ў Харкаве (Украіна). Аляксей Іваноў заваяваў другое месца ў сваёй вагавай катэгорыі, Жанна Шошына стала пераможцай. Прытым выхаванцы трэнера І. А. Іванова атрымалі тытулы майстроў спорту міжнароднага класу. З гэтай перамогай віншуем таленавітых спартсменаў. Больш падрабязна пра спаборніцтвы расказвае трэнер Ігар Афанасьевіч ІВАНОЎ:
— У г. Харкаве 6—7 кастрычніка прайшоў міжнародны турнір класа «А» па таэквандо. У Еўропе на працягу года турніраў такога класа праводзіцца ўсяго восем: у Англіі, Германіі, Галандыі, Бельгіі, Аўстрыі, Расіі, Іспаніі і Украіне. На такія спаборніцтвы прыязджаюць усе наймацнейшыя спартсмены, у тым ліку і ўдзельнікі алімпійскіх гульняў. Тут яны набіраюць неабходны рэйтынг і “абкатваюцца” перад чэмпіянатам Еўропы і Свету. У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі на гэтым прэстыжным турніры выступалі і двое шаркаўчан. У вагавой катэгорыі да 87 кг. за зборную Беларусі праводзіў паядынкі Аляксей Іваноў. У яго актыве сустрэча з расіянінам, дзе Аляксей атрымаў перамогу з лікам 9:3. Затым шаркаўчанін з лікам 24:12 датэрмінова атрымаў перамогу над чэмпіёнам Украіны. У фінале з прызёрам Чэмпіянату Еўропы Вадзімам Белкіным быць на «галаву вышэй» аказалася цяжкавата і судзейскі корпус, які складаўся з чатырох украінцаў, паціху “сплавіў” перавагу Аляксея. У выніку ў яго сярэбраны кубак турніру. Паўтара года Віцебская школа вышэйшага спартыўнага майстэрства практычна нікуды не вывозіла Аляксея на міжнародныя турніры і ў яго не было спарынговай практыкі з наймацнейшымі еўрапейскімі таэквандаінамі. Толькі пасля пераходу ў Мінскі рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі ў Аляксея з’явілася такая магчымасць, і ўкраінскі турнір паказаў, што ён выходзіць на пік сваёй спартыўнай формы.

Для Жанны Шошынай гэты турнір стаў другім міжнародным сярод дарослых спартсменак. Месяц таму на сваім першым дарослым турніры ў Польшчы Жанна заняла 2-ое месца. Да першага месца не хапіла ледзь-ледзь. Тут сказаўся невялікі летні перапынак у трэніроўках, падчас якога Жанна паступала ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Не змагла яна з-за паступлення выступіць і на Чэмпіянаце Еўропы сярод моладзі, затое стала студэнткай 1-га курса прэстыжнай вышэйшай навучальнай установы. А ўжо ў верасні, імкнучыся набраць форму, шаркаўчанка не баялася спарынгаў нават з прадстаўнікамі мужчынскай зборнай Беларусі, ды яшчэ і маючых больш цяжкую вагавую катэгорыю. Харкаўскія спаборніцтвы прадэманстравалі, што гэты экстрым быў не дарэмным. У першым цяжкім паядынку яна ўсё-такі вырвала перамогу ў вельмі моцнай саперніцы. У другой сустрэчы давялося змагацца не толькі з украінскай спартсменкай, але і з ўкраінскім судзейскім корпусам, які ў самым пачатку выставіў тры балы сваёй візаві за недайшоўшы да шлема шаркаўчанкі кругавы ўдар. За абурэнне секунданта Жанны яе саперніцы дадалі палову бала, за паўторную апеляцыю да сумленнасці суддзяў дадалі яшчэ бал. Але трэба ведаць характар Жанны. Такі расклад моцна раззадорыў яе і да канца паядынку Шошына выйшла на роўны лік, а ў дадатковы час да першага «залатога» пераможнага бала Жанна гэты шанц не выпусціла. У фінал выйшла яшчэ адна моцная беларуская спартсменка. Тут суддзі былі нейтральныя і фінішны гонг зафіксаваў лік 18:8 на карысць Жанны. У сілу склаўшагася рытуалу, увесь наступны тыдзень хадзіў на працу ў кашулі то ружовага колеру, сімвалізуючага першае месца, то сіняга — у залік другога месца Аляксея. А калі сур’ёзна, то мы можам канстатаваць факт з’яўлення ў нашай роднай Шаркаўшчыне першых двух спартсменаў — уладальнікаў тытула майстра спорту міжнароднага класу па таэквандо, якога былі ўдастоены на турніры Жанна і Аляксей. Яны сапраўды заслужылі гэта высокае званне. Наперадзе ў іх яшчэ шэраг моцных міжнародных турніраў, а праз некалькі месяцаў і Чэмпіянат Свету ў Мексіцы. Давайце павіншуем нашых лепшых шаркаўшчынскіх спартсменаў з высокім званнем і пажадаем ім новых перамог у гонар роднага краю!
Аляксандр БАРЫЛА
Гордость нашего района!!!