80-годовы юбілей адзначыў жыхар аграгарадка Шыці Сямён Іларыёнавіч Смерцьеў

Актуальное

Прадстаўнікі мясцовай улады заўсёды з павагай і цеплынёй адносяцца да ветэранаў працы. Яны цікавяцца іх паўсядзённым жыццём, дапамагаюць вырашаць праблемы і пытанні. А кожны юбілей становіцца добрай нагодай наведаць пажылых людзей, якія ўсё жыццё працавалі на карысць раёна.

15 лютага сваё 80-годдзе адзначыў жыхар аграгарадка Шыці Сямён Іларыёнавіч Смерцьеў. У той дзень на парозе свайго дома разам з жонкай Ганнай Сідараўнай яны віталі шматлікіх гасцей. Павіншаваць юбіляра з адметнай датай у жыцці завіталі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі, старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Міхалёнак, часова выконваючы абавязкі старшыні Іёдскага сельсавета Іван Пачкоўскі і вядучы спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Буеўшчына» Станіслаў Хашкоўскі. Юрый Анатольевіч, пажадаў юбіляру трывалага здароўя і сямейнага дабрабыту, а таксама ўручыў Падзяку старшыні райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у станаўленне і развіццё сельскагаспадарчай галіны Шаркаўшчынскага раёна, актыўную жыццёвую пазіцыю. Да віншаванняў далучыліся і іншыя госці, якія ўручылі Сямёну Іларыёнавічу памятныя падарункі, кветкі, выказалі шчырыя пажаданні здароўя і даўгалецця.

Якім жа быў жыццёвы шлях юбіляра? Нарадзіўся ён у вёсцы Нікалаёва, якой ўжо не існуе. Зведаў пасляваеннае гаротнае дзяцінства, у якім былі і холад, і голад. Нягледзячы на шматлікія матэрыяльныя цяжкасці бацькі адправілі Сямёна вучыцца ў Юдыцынскую базавую школу, якую юнак скончыў у 1957 годзе. А сваю працоўную дзейнасць ён пачаў жывёлаводам у мясцовым калгасе «Усход». Калі прыйшоў час, Сямёна прызвалі ў армію, дзе ён атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Гэта акалічнасць і стала вызначальнай пры выбары будучай прафесіі. Пасля дэмабілізацыі і вяртання ў родныя мясціны Сямён Іларыёнавіч працаўладкаваўся вадзіцелем у аддзяленне сувязі — перавозіў перыядычныя выданні, лісты, пасылкі і бандэролі адрасатам. А з 1973 і да выхаду на заслужаны адпачынак мужчына з’яўляўся вадзіцелем у тым жа калгасе «Усход», дзе калісьці пачынаў свой працоўны шлях. Без адрыву ад вытворчасці Сямён Іларыёнавіч закончыў курсы тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. На працягу дзесяці год ён сумяшчаў гэтыя дзве пасады. І пасля таго, як прыйшоў час выхаду на заслужаны адпачынак, Сямён Іларыёнавіч яшчэ шэсць год працаваў на карысць роднай гаспадаркі.

80 гадоў — узрост паважаны, але мужчына не сядзіць без справы. Ён заўсёды што-небудзь майструе па гаспадарцы. З нецярпеннем чакае надыходу вясны, каб распачаць працу на зямельным надзеле. Як і ў мінулыя гады, разам з жонкай Ганнай Сідараўнай яны будуць высаджваць гародніну, сеяць зерневыя, каб восенню сабраць багаты ўраджай.

Вось такі актыўны жыццярадасны чалавек пражывае ў аграгарадку Шыці. Мы далучаемся да шматлікіх віншаванняў, выказаных у яго адрас, жадаем Сямёну Іларыёнавічу нястомнай энергіі, аптымізму і даўгалецця!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.