
30 чэрвеня шаркаўчане святкавалі 510-годдзе свайго роднага гарадскога пасёлка. Папярэднія прагнозы абяцалі дажджы ў гэты дзень, але надвор’е нібыта ўзяла пад увагу святочныя планы шаркаўчан і забяспечыла нас найлепшымі ўмовамі для святкавання: увесь дзень свяціла сонца, але вялікай спякоты не было. І галоўнае, ніякіх ападкаў, якія маглі б сапсаваць свята.
А палове 10-й ад плошчы Леніна пачала рух працяглая калона, якая складалася з прадстаўнікоў працоўных калектываў гарадскога пасёлка са сваімі сем’ямі, а таксама гасцей свята з нашага і іншых раёнаў, замежжа. Наперадзе ішлі прадстаўнікі вучнёўскай моладзі з нацыянальным сцягам, гербам Шаркаўшчыны, рознакаляровымі сцяжкамі. Удзельнікі шэсця размахвалі сцяжкамі, трымалі ў руках паветраныя шарыкі, а іх усмешкі сведчылі пра цудоўны настрой. Урачыстасці ў настрой дадавалі мелодыі ў выкананні ваеннага аркестра. Святочна-яскравай стужкай, нібыта павязанай у валасах красуні, упрыгожыла гарадскі пасёлак гэтае ўрачыстае шэсце.
Месцам прызначэння стаў парк сельгастэхнікі, які перад святам папрыгажэў і змяніўся ў лепшы бок. Работнікі УКП ЖКГ устанавілі тут шэрагі новых лавак для гледачоў, навялі парадак, зрабілі невялікую зону адпачынку каля вадаёмаў. Яблыку не было дзе тут упасці ў гэты дзень. “Горад майстроў” прапанаваў увазе творчыя набыткі шаркаўшчынскіх народных майстроў і рукадзельніц. Тое, што спадабалася, адразу ж можна было і набыць. Тут жа праводзіліся майстар-класы па ткацтве і ганчарстве. Праходзіла выстава работ удзельнікаў мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы. Творчыя работы вучняў прадставілі адукацыйныя ўстановы гарадскога пасёлка. На пачэсным месцы быў пастаўлены “Шаркаўшчынскі абярэг” — сумесная работа, складзеная з твораў шаркаўшчынскіх майстроў. Гандлёвыя палаткі, сярод якіх большасць належала райспажыўтаварыству, прадавалі ўсё, што душы заўгодна. Пачынаючы ад сувеніраў, масак, канцылярскіх тавараў і заканчваючы прадуктамі з абавязковым атрыбутам свята — шашлыкамі. Тут жа была магчымасць прысесці кампаніяй з набытымі прысмакамі за столікі. А якіх толькі забаў не прапаноўвалі: разнастайныя атракцыёны, батуты, гульнёвыя пляцоўкі, катанне на катамаранах, а таксама на міні-машынах. Зразумела, што ўсе яны былі прызначаны для юных шаркаўчан, якія цягнулі бацькоў за рукі ад адной забавы да іншай. Вось каму было раздолле на свяце. Трэба сказаць, што ўвесь дзень было шматлюдна і шумна ў старым панскім парку, а значыць, прапанаваная праграма прыйшлася даспадобы.
Самабытным упрыгожаннем свята стала выстава падвор’яў сельскіх Саветаў, якія з сялянскай гасціннасцю сустракалі гасцей. Германавічы, Лужкі, Васюкі, Іёды і іншыя населеныя пункты нашага раёна, іх лёс непарыўна звязаны з Шаркаўшчынай, і яны са шчырасцю і ўсмешкамі віншавалі сваю сястру-Шаркаўшчыну з юбілеем.
Адкрываючы свята “Люблю цябе, мой родны горад”, да шаркаўчан і гасцей звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч:
— У гэты святочны дзень хачу падзякаваць нашым ветэранам, якія абаранялі родную зямлю ад ворага, і тым, хто ў мірны час памнажаў працай яе славу. Можна з упэўненасцю сказаць, што галоўнае багацце Шаркаўшчыны — яе працавітыя жыхары, якія прадстаўляюць розныя прафесіі. Шаркаўчане заўсёды дастойна прадстаўляюць рэгіён на розных конкурсах, фестывалях, спартыўных мерапрыемствах, дэманструюць высокае прафесійнае майстэрства, творчыя і працоўныя здольнасці. Наш раённы цэнтр накіраваны ў будучыню, растуць новыя жылыя дамы, прыводзяцца ў парадак дарогі і двары, з’яўляюцца новыя аб’екты сацыяльнай сферы. Гэта вынік зладжанага ўзаемадзеяння ўсіх узроўняў улады, нястомнай працы жыхароў гарадскога пасёлка. І хаця Шаркаўшчыне ўжо 510 гадоў, яна маладая, прыгожая і гатовая да зменаў толькі да лепшага. Мы з аптымізмам глядзім у будучыню. Разам, разумеючы і дапамагаючы адзін аднаму, мы зможам зрабіць родную Шаркаўшчыну і ўвесь раён прыгожым і сучасным. Са святам цябе, Шаркаўшчына, няхай пануюць на тваёй зямлі радасць, дабрыня і цеплыня людскіх сэрцаў.
Павіншавалі шаркаўчан шчырымі словамі старшыня Віцебскага аблспажыўсаюза Аляксандр Мікалаевіч Шынкарэнка, намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Галіна Уладзіміраўна Унуковіч.
На сцэну для ўшанавання запрасілі шаноўных гасцей свята — найстарэйшых жыхароў гарадскога пасёлка. Гэта Анна Мацвееўна Лонская, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Канстанцінавіч Буйка, Мікалай Аляксандравіч Качан. Іх доўгае жыццё непарыўна звязана з роднай Шаркаўшчынай. Сёлета залатое вяселле адзначылі шаркаўчане Аляксандр Андрэевіч і Глафіра Васільеўна Вярыгі, іх павіншавалі з гэтым цудоўным юбілеем. Жыве ў нашым гарпасёлку яшчэ адна вартая ўвагі сям’я. Міхаіл Аляксеевіч і Еліканіда Ігнацьеўна Кожаны разам ужо 70 гадоў. Такое павінна паслужыць прыкладам сучаснай моладзі. “Горка!” — крыкнулі ім гледачы, калі пажылыя людзі стаялі, прымаючы віншаванні, на сцэне.
Прыемна, што не забывае наведваць Шаркаўшчыну бусел, прыносячы чаканы бацькамі скарб. Сёлета ў чэрвені ў сям’і Дзмітрыя і Юліі Мятла нарадзілася дачка Арына, у Аляксандра і Ірыны Каплуноўскіх нарадзіўся першынец — дачка Ксюша, а ва Уладзіміра і Анжэлы Касцюкевічаў ужо другая дачушка — Ксенія. Бацькі маленькіх шаркаўчан атрымалі ў якасці падарунка патрэбныя немаўлятам рэчы.
Шаркаўшчына з’яўляецца цэнтрам сельскагаспадарчага раёна, ды і ў самім гарадскім пасёлку пражывае нямала працаўнікоў сельскай гаспадаркі, хаця б з ААТ “Агратэхсэрвіс”. Таму няма нічога дзіўнага, што на свяце гарадскога пасёлка былі названы імёны лепшых у сельскай гаспадарцы. Прыемную місію ўзнагароджання выканалі старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч і першы намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака.
Як паведамлялася ў нашай газеце, напярэдадні свята праводзіўся конкурс архіўных фотаздымкаў “Любімая Шаркаўшчына і шаркаўчане”. Пераможцы Данііл Бабоўскі і Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская атрымалі прызы ад спонсараў — прадпрыемства ВГУП “Камплект-М” (В. М. Кожан і І. Л. Барыла).
Пасля гэтага гледачоў чакалі канцэрты вядомага ў рэспубліцы гурта “Чысты голас”, землякоў з беларускага таварыства “Ялінка” (Эстонія), самадзейных народных артыстаў. Эстафету перанялі юныя артысты з Шаркаўшчыны, Пастаў, Наваполацка, якія прадставілі ўвазе яскравае эстрадна-цыркавое прадстаўленне “Шаркаўшчына маладзёжная”.
Пасля гэтага святкаванне перамясцілася на Плошчу 1 Мая. На сцэне летняга амфітэатра выступілі эстрадныя гурты з Верхнядзвінскага раёна і Мядзеля. Ну а яскравай кропкай гэтага напоўненага падзеямі і эмоцыямі дня стаў святочны феерверк, які рассыпаўся зіхаценнем у начным небе над Шаркаўшчынай. Гэта свята стала запамінальнай падзеяй у гісторыі нашага раёна.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара, Марыны ЖАКАЎКА, Сяргея РАЙЧОНКА.












[nggallery id=36]





